18.03.2017 / 10:51

Ліст чытачкі: Я «дармаедка», і гэта мая пазіцыя 38

Добры дзень! Я хацела б выказацца наконт так званага «дармаедства».

Я працавала за мяжой з заробкам у 2000 даляраў ЗША, але там можна і болей. Не дзіўна, што шмат беларусаў стараюцца вырвацца за мяжу; «з’ехаць» успрымаецца як верх паспяховасці. Між іншым, мне прыйшлося вучыцца спецыяльнасці ў палявых умовах. Беларуская адукацыя аказалася бескарыснай.

Папрацавала за мяжой і вярнулася сюды, да блізкіх, да роднай зямлі. У нас утульны клімат, не так як у спякотных паўднёвых краінах. Ёсць тут і свая зямля, сябры, шчырыя людзі, зразумелыя звычкі і асартымент у крамах. Затрымалася — і цяпер за гэта павінна расплочвацца.

З часам пачало кідацца ў вочы і ўсё астатняе. Закрытыя заводы альбо стратныя, неканкурэнтназдольныя прадпрыемствы. Іншыя прыбытковыя, але фактычна захопленыя замежнымі грамадзянамі. Часовыя кіраўнікі, якія карыстаюцца момантам да часу, пакуль іх не пасадзяць у турму. Усе толькі і размаўляюць пра грошы. А самае для мяне сумнае — гэта звычайныя людзі, прыгнечаныя, замучаныя людзі, якія жывуць літаральна ў галечы, ліхаманкава кідаючыся на акцыі ў крамах, людзі, апранутыя ў сэканд-хэнд. І гэтая краіна калісьці была флагманам лёгкай прамысловасці! І вось так жыве большасць, і гэта вам ніякая не Афрыка, а краіна ў цэнтры Еўропы.

Прыгожыя дзяўчаты — гэта ўжо на сённяшні дзень амаль што не адзіны, калі так можна сказаць, «капітал». Прычым, на жаль. Дзяўчат паказваюць, ды іх забіраюць увогуле з краіны. Я перакладчыца — і ў мяне хаця б ёсць адпаведная спецыяльнасць, якая дазваляе досыць незалежна ўладкавацца на працу за мяжой. А што ім з большасці застаецца рабіць? Застацца тут з вельмі туманнымі перспектывамі хаця б на добрае і паўнавартаснае гадаванне дзяцей? Альбо з'язджаць, альбо спадзявацца, што з'едзеш, бавячы час у менскіх кавярнях, іншы раз забываючы гонар.

І што нашыя ўлады мне прапаноўваюць? Уладкавацца тут за 300 даляраў? Хадзіць двары падмятаць, паперкі разносіць, названьваць з рэкламамі і выконваць іншую падобную некваліфікаваную працу?

Адукацыя? Яны кажуць часта пра адукацыю. Якую адукацыю? Такую, якая нідзе не мае практычнага прыстасавання? Я ведаю дастаткова пра адукацыю. Ёсць, безумоўна, адзінкавыя экзэмпляры, згодныя працаваць на голым энтузіязме… Але найлепшыя кадры зазвычай сыходзяць у пошуках лепшай долі, тыя, хто застаецца, — добра, калі вучаць. Я вучылася на настаўніцу, таму ведаю, пра што кажу. Я сведка таго, што цягнулі з сесіі ў сесію не толькі абсалютна слабых, але вучыліся і тыя, хто ўвогуле не знаходзіўся ў краіне цягам навучальнага года. Дый па якіх праграмах вучаць нашчадкаў? На рэштах савецкай навукі? Я ўжо не кажу пра праграмы абмену. Адны конкурсы прыгажосці на радасць старэючым выкладчыкам. Ганьба!

Нас, «дармаедаў», папікаюць і бясплатнай медыцынай. Якая медыцына? Няўжо ніхто не сутыкаўся з тым, што ў лячэбных установах просяць аплочваць паслугі. Альбо што дактары ўвогуле не здольныя дапамагчы. А дзе, дарэчы, вучацца і лечацца сем'і нашых заканадаўцаў?

Ды і дзе тая сістэма аховы здароўя і сацыяльная стабільнасць, якая дапамагае людзям імкнуцца берагчы сваё здароўе? Чаму ўсе паўсюль паляць? Чаму нацыя співаецца? Мне асабіста агідна хадзіць вечарам па раёне ды зайсці нават у свой пад'езд. На маю думку, гэта жах, што робіцца. 

І чаму пра гэта не кажам? Безумоўна, не кожны мае з чым параўноўваць, на радасць уладзе. Але нават тыя, хто не мае, усё роўна разумеюць, што нешта тут не тое. 

Госці з Расіі альбо Украіны пацвярджаюць, што ў нас нейкі закансерваваны Савецкі Саюз. І складана не пагадзіцца. Вось і законы нават такія ж уводзяць, засталося толькі канцлагеры арганізаваць — і ёсць ужо на тое адпаведныя законы. І прыгадваюцца радкі з песні NRM: «Толькi дыхаць мне з кожным днём цяжэй…». Прайшло амаль два дзесяцігоддзі, а што змянілася?

І ўсе разам пакутуем ад таго, што адбываецца. Ад беднага да заможнага, усе пакутуем, але проста згаджаемся. Мы ўсе проста церпім гэтую ўладу. Але ўсе мы складаем адзіны народ.

Мне падаецца важным не прыпадабняцца гэтым людзям, у чыіх руках цяпер наша краіна, якія могуць супрацьпаставіць сябе народу. Калі яны жывуць недальнабачна, не зберагаюць і выдумваюць сабе ворагаў… карацей, па нейкіх прычынах вядуць дэканструктыўную палітыку найперш для саміх сабе, мне падаецца крытычна важным заставацца ў першую чаргу тымі, хто мы ёсць — людзьмі, з нашымі спрадвечнымі каштоўнасцямі, супольнасцю, адзіным народам, беларусамі.

Увесь той час, што я была ў краіне, я дапамагала сваякам, мая маці ўсё жыццё працуе, мой тата на сённяшні дзень працу знайсці не можа. І што яны за жыццё сваё бачылі? Савецкі рэжым, дзевяностыя і вось табе — «зараз». Але ўрэшце, якая ўладзе розніца, чым я займаюся, я закон не парушаю, жыву на мае ўласныя грошы. Хай я нават тут проста б дзяцей нарадзіла, я буду ежу набываць, лекі, калыску — гэта ім не грошы? Ім насельніцтва не патрэбна? Мае продкі працавалі на сваёй зямлі. Пакуль не прыйшла савецкая ўлада, для жанчын было заўсёды натуральна заставацца ў хаце.

Дык што ж, яны вымушаюць мяне з'ехаць? З'еду з лёгкасцю. Толькі што так ад нашай блакітнавокай неўзабаве застанецца?


Людміла, Мінск

5
Правда / Адказаць
18.03.2017 / 11:14
К сожалению, так рассуждает меньшинство. Мои соседи по подьезду, некоторые близкие и родные ,прочитав сей опус , так для себя и не признаются, что человеку кроме хомута и пайки надо гораздо больше воздуха и прав. Спасибо автору.
24
алекс / Адказаць
18.03.2017 / 11:21
Зарубите себе на носу: отъезд в эмиграцию это капитуляция. Беларусь это наша страна, наша земля. И мы не имеем права её отдавать! Мы должны жить тут. В Беларуси! Дома!
1
Сцізорык / Адказаць
18.03.2017 / 11:27
Крыўдна і балюча гэта ўсё чытаць.
Паказаць усе каментары/ 38 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру