Міліцыя затрымала падазраванага па справе аб разбойным нападзе на краму ў Смалявічах. Мужчына ў чорнай масцы пагражаючы гвалтам патрабаваў выдаць яму грошы - але ў апошні момант разгубіўся і збег на ровары. Мяркуюць, што гэта не першы такі ўчынак мужчыны. Падрабязнасці паведамляе УУС Мінаблвыканкама.

Падазраваны — раней судзімы 50-гадовы жыхар Жодзіна, работнік аднаго з буйных прадпрыемстваў горада. У мужчыны знайшлі шапку з прарэзамі, а таксама стылізаваны пад пісталет сувенір (падобным пагражалі прадаўцу ў краме Смалявічаў). Пры першапачатковым апытанні затрыманы пацвердзіў сваё дачыненне.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку мяркуюць, што фігурант мае дачыненне да двух аналагічных злачынстваў у Смалявіцкім раёне. 8 кастрычніка нехта напаў на магазін у вёсцы Калюшкі, адкуль забраў 160 рублёў, а яшчэ праз месяц — на гандлёвы аб'ект побач з чыгуначнай станцыяй Барсукі, вынес 7 рублёў. Там таксама заўважылі падобны на пісталет прадмет.

— З аповеду мужчыны вынікае, што аб'екты выбіраліся з улікам магчымасці дабрацца да месца на ровары. Пры гэтым яго не цікавілі крамы непасрэдна ў горадзе пражывання. А адлегласць у 10-30 кіламетраў лічыліся цалкам прымальнымі для велапрагулкі, - распавялі ў прэс-службе УУС.

Праваахоўнікі высвятляюць матывы злачынстваў. Вядома, што мужчына жанаты і выхоўвае дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0