З 16 па 19 сакавіка ў сталічным кінатэатры «Дом кіно» пройдзе рэтраспектыва праекта «Незалежны позірк», кінаальманаха найлепшых кароткаметражных фільмаў незалежных беларускіх рэжысёраў. У гэтым годзе ў рамках праекта, які праходзіць ужо другі раз, у гледачоў будзе магчымасць убачыць фільмы-ўдзельнікі і лаўрэаты ММКФ «Лістапад» і іншых міжнародных фестываляў: «Душы мёртвыя», «Саламанка» і «Дваццацьшаснаццаць».

«Душы мёртвыя» — драма рэжысёра і драматурга Віктара Красоўскага, якая стала найлепшай гульнявой карцінай Нацыянальнага конкурсу «Лістапад-2016». Фільм распавядае пра адзін дзень з жыцця работнікаў беларускага прадпрыемства, многія з якіх — людзі з інваліднасцю. Пакуль работнікі рыхтуюцца да свята, іх начальнік плануе скарачэнне, пасля якога многія застануцца без працы. Але сацыяльная праблематыка не адзіная каштоўнасць стужкі: «Душы мёртвыя» знятыя адным кадрам, без мантажных злепак. Фільм заваяваў ўзнагароды на некалькіх міжнародных кінафестывалях, а старшыня журы Нацыянальнага конкурсу ММКФ «Лістапад» Наталля Дрозд адзначыла: «Душы мёртвыя» — моцная дарослая праца з ідэяй і канцэпцыяй. Часта сацыяльнае кіно скочваецца ў «плакатнасць», але гэтая праца на вельмі высокім прафесійным узроўні». Галоўныя ролі ў фільме выканалі беларускія акцёры тэатра і кіно Павел Харланчук, Генадзь Фамін, Максім Брагінец і іншыя.

Фільм «Саламанка» беларусаў Руслана Фядотава і Аляксандры Кулак — адзін з дакументальных «хітоў» мінулага года, прэм'ера якога адбылася на фестывалі IDFA ў Амстэрдаме — такіх сабе «Канах» дакументалістыкі. Затым фільм працягнуў сваё шэсце па найбуйнейшых міжнародных форумах, а на «Лістападзе» атрымаў тры прызы, у тым ліку за найлепшы дакументальны фільм Нацыянальнага конкурсу. Карціну, якая распавядае аб закрытай рэлігійнай суполцы, крытыкі параўноўваюць з «Белай стужкай» Міхаэля Ханеке і «Маўклівым святлом» Рэйгадаса Карласа. Знакаміты дакументаліст Віталь Манскі назваў яе «адным з самых візуальна і эстэтычна цікавых фільмаў за апошнія гады».

Постапакаліптычная прытча «Дваццацьшаснаццаць» Андрэя Крывецкага і Дзмітрыя Рачкоўскага апавядае пра жыццё апошняга чалавека на Зямлі пасля гібелі цывілізацыі. Цікава, што рэжысёры фільма — тэатральныя акцёры, а сцэнар фільма напісаў папулярны беларускі акцёр, рэжысёр і драматург Дзмітрый Багаслаўскі. Для ўсіх аўтараў гэта дэбют у кіно, які адразу аказаўся паспяховым: фільм узяў удзел не толькі ў «Лістападзе», але і ў міжнародных кінафестывалях Азіі, Амерыкі і Еўропы.

«У беларускім кіно зараз з'яўляюцца выдатныя работы, знятыя незалежна, без падтрымкі дзяржавы і буйных кампаній. Фільмы актыўна ўдзельнічаюць у фестывалях у Беларусі і за мяжой, але хацелася б, каб і ў масавай аўдыторыі была магчымасць з імі пазнаёміцца. Мы ўпэўненыя, што гледачоў, якія прыйдуць на паказ, чакаюць кінематаграфічныя адкрыцці», — кажа куратар праекта Мікалай Лаўранюк.

На прэзентацыі праекта 16 сакавіка фільмы прэзентуюць самі аўтары і ў публікі будзе магчымасць абмеркаваць з імі ўбачаныя творы.

У найбліжэйшы час праект «Незалежны позірк» стане рэгулярным і перанясецца ў кінатэатр «Беларусь». З 30 сакавіка па 2 красавіка там пройдуць паказы фільма «Каханне і партнёрства» Мікіты Лаўрэцкага — лідара беларускага незалежнага «мамблкора».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0