Тэндэнцыі і сітуацыю ў эканоміцы Беларусі абмяркуюць на пашыранай справаздачы ўрада перад кіраўніком дзяржавы.

Падрыхтоўка да гэтага мерапрыемства, якое плануецца правесці пасля атрымання дадзеных за I квартал, была абмеркавана сёння на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле слоў кіраўніка краіны, у цяперашні час заяўляецца пра станоўчыя тэмпы і дынаміку ў эканоміцы краіны. «Каб дакладна пераканацца, ці ёсць гэтая дынаміка, нам трэба нейкі перыяд для аналізу. Нам трэба ўзяць першы квартал і арганізаваць гэту справаздачу», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Такім чынам працэсы, што адбываюцца сёння, можна будзе аб'ектыўна аналізаваць не толькі зыходзячы з вынікаў 2016 года, але таксама маючы статыстычныя дадзеныя аб працы розных сектараў эканомікі ў I квартале 2017-га. «Мы можам спрагназаваць і паглядзець, як у нас развіваюцца падзеі. Я адкрыта пра гэта кажу, каб не здарылася так, што мы дзесьці пакрытыкуем добра ўрад, прымем нейкія захады па ўраду, а на самай справе дынаміка станоўчая», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе таксама былі абмеркаваны форма і змест будучай справаздачы. Мерапрыемства даручана правесці ў пашыраным фармаце, на яго будуць запрошаныя больш за 300 чалавек.

У прыватнасці, вялікае прадстаўніцтва кіраўнік дзяржавы хоча бачыць з боку вертыкалі ўлады ў рэгіёнах, дырэктараў прадпрыемстваў і арганізацый - людзей, якія бачаць і ведаюць абстаноўку на месцах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?