Беларускія навучальныя ўстановы масава пачалі шукаць, чым заняць сваіх навучэнцаў 15 сакавіка. Менавіта на гэты дзень людзі ў сацыяльных сетках дамовіліся на правядзенне пратэстных маршаў у Мінску, Гродне і Магілёве.

Універсітэты і каледжы тым часам выкарыстоўваюць адміністратыўны рэсурс, каб шэрагі пратэстоўцаў не папоўніліся студэнтамі.

Так, напрыклад, Гарадзенскі гуманітарны каледж прыдумаў конкурс на найлепшае выкананне дзяржаўнага гімна. Пройдзе ён увечары 15 сакавіка. «Яўка строга абавязковая», — нагадваецца ў аб’яве аб конкурсе.

«Калі хтосьці не прыйдзе? Будзем працаваць з гэтымі навучэнцамі, каб у наступны раз яны прыйшлі. Гэта грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, навучэнцы мусяць ведаць гімн і сцяг сваёй краіны і ўмець спяваць гімн сваёй краіны. Што ў гэтым дрэннага?» — пракаментавала «Нашай Ніве» сітуацыю Юлія Сідаровіч, намеснік дырэктара па вучэбнай працы.

Але калі ў чалавека іншыя планы?

«Якія планы ў яго могуць быць? Ну якія канкрэтна? Калі чалавек навучаецца, яго галоўны занятак — навучанне. А ў нас адукацыйны працэс уключае ў сябе аўтаматычна вучэбную працу і выхаваўчую. Мы Кодэкс аб адукацыі не парушаем», — запэўніла Сідаровіч.

Акрамя конкурсаў, шэраг універсітэтаў і каледжаў абвесцілі, што літаральна адзін дзень заняткі будуць праводзіцца ў другую змену.

Гэтым адзначыліся Мінскі дзяржаўны каледж будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі, Мінскі дзяржаўны палітэхнічны каледж, Мінскі аўтамеханічны каледж і шэраг іншых.

Аб'ява ў Мінскім палітэхнічным каледжы

Аб'ява ў Мінскім палітэхнічным каледжы

«Нічога надзвычайнага — проста перад заняткамі будуць праводзіцца мерапрыемствы, звязаныя з Днём Канстытуцыі», — патлумачыла «Нашай Ніве» Таццяна Шмакава, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай працы Мінскага палітэхнічнага каледжа.

Аналагічныя паведамленні — аб раптоўным зацягванні заняткаў да вечара ці пераносе першай змены на другую — прыходзяць і ад студэнтаў універсітэтаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?