Раённыя падразьдзяленьні ўнітарнага прадпрыемства «Мінскзеленбуд» зазнаюць дэфіцыт працаўнікоў па скошваньні травы.

Гэтак, у штаце УП «Зеленбуд Маскоўскага раёну» налічваецца ўсяго 15 касцоў. Гэтыя ж спэцыялісты паралельна займаюцца майстраваньнем і парадкаваньнем газонаў, вырубкай аварыйных дрэў, укладкай пліткі на пешаходных дарожках. Сёлета на сэзонную працу па скошваньні травы прадпрыемства прыцягнула яшчэ 7 студэнтаў.

«Мы абслугоўваем 400 гектараў зялёных зон, — паведаміў карэспандэнту агенцтва «Мінск‑навіны» галоўны інжынэр УП «Зеленбуд Савецкага раёну» Дзьмітрый Гарыльскі. — Каб своечасова скошваць расьлінны дыван на ўсёй замацаванай тэрыторыі, неабходна ўдвая болей газонакасільшчыкаў — 65 чалавек. Таму даводзіцца працаваць звышурочна, у тым ліку й па выходных днях».

Дарэчы, нормы выпрацоўкі на аднаго працоўнага такія: з выкарыстаньнем трымэра за адзін дзень трэба скасіць 35 сотак, з выкарыстаньнем матаблёку — 65.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0