Гурт «Крама» дасць вялікі «вясновы канцэрт» у бровары «Друзья» 26 сакавіка. Паводле словаў лідара гурта Ігара Варашкевіча, гэта першы канцэрт у такім фармаце, але гурт плануе і ў далейшым збіраць сяброў і прыхільнікаў творчасці ранняй вясной.

У тых аматараў класічнага року і якаснай беларускай музыкі, хто па нейкіх прычынах не змог павіншаваць «Краму» з 25-годдзем у Prime-hall, ёсць магчымасць праслухаць юбілейную праграму 26 сакавіка.

Варашкевіч распавёў, што юбілейны канцэрт у prime-hall планавалася здымаць на відэа. Але падчас канцэрту «здарылася катастрофа» — завіс лічбавы пульт, і гук быў запісаны з бракам.

«Сутнасць не ў тым, хто быў вінаваты ў той сітуацыі, а тым, што ўжо нічога не паробіш. Было шмат ідэй, да прыкладу, запісаць гук для відэа ў студыі. Мы ад гэтага адмовіліся, бо гэта будзе не сумленна. Таксама была ідэя перайграць гэты ж канцэрт у пустым Prime-hall, але, вядома, энергетыка будзе зусім не тая, і мы ад гэтага таксама адмовіліся,» — распавёў Ігар Варашкевіч.

Перабраўшы мноства ідэй, «Крама» вырашыла паўтарыць юбілейную праграму на вясновым канцэрце, у надзеі, што на гэты раз з гукам праблем не ўзнікне. Атрыманы гук будзе змантаваны з відэа, знятым у лістападзе 2016-га.

«Канцэрты бываюць розныя, але гэта быў адзін з тых рэдкіх канцэртаў, калі ты проста купаешся ў гуку, выходзіш — і з першай песні ў цябе кантакт з залай, а свята працягваецца дзве гадзіны. Таму губляць яго нельга, і мы вырашылі пайсці на такі кампраміс. Усё будзе сумленна. Проста гук будзе з іншай пляцоўкі,» — падзяліўся Варашкевіч.

Адзінае адрозненне — на вясновым канцэрце не будзе запрошаных гасцей для выступлення з «Крамай» на адной сцэне, як гэта было ў Prime-hall.

«Гэта фізічна немагчыма. Мы, уласна кажучы, і ўвесь канцэрт не зможам паўтарыць, таму што ёсць песні, зграныя ад пачатку і да канца, як на плытцы, пад метраном, а ёсць песні, якія маюць свой канцэртны варыянт: «Гэй, налівай», напрыклад, «Што дапаможа нам», дзе з залай ёсць пэўныя пераклічкі, дзе мы спяваем разам. На кожным канцэрце гэта адбываецца па-рознаму, і паўтарыць гэта немагчыма, тут законы матэматыкі не дзейнічаюць,» — кажа лідар «Крамы».

Калектыў спадзяецца, што дзякуючы «вясноваму канцэрту» ўдасца выратаваць хаця б 70 % ад юбілейнага.

Варашкевіч таксама адзначыў, што, магчыма, з цягам часу ў вясновых канцэртаў складзецца свая ўласная тэматыка.

ПУП «Канцэрт анлайн» УНП 192400162

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0