Таксіст-прадпрымальнік Аляксандр Стахоўскі з Мінска, якому піяршчыца Аляксандра Рогач заплаціла 63 рублі за 15 кіламетраў дарогі, растлумачыў «Нашай Ніве», што адбываецца з таксістамі, як ён працуе і чаму будзе судзіцца з абуранай кліенткай.

Спачатку колькі словаў пра агульную сітуацыю на мінскім рынку таксі. Пасажыры тэлефануюць у дыспетчарскія службы (ці пакідаюць замову праз інтэрнэт), а тыя пераадрасоўваюць выклікі таксістам за пэўную плату. Кіроўцы ў такім разе абавязуюцца везці людзей па тарыфах службы. Напрыклад, у бюджэтным таксі «Алмаз» ці «107» кіламетр дарогі каштуе па 55 капеек. А для пасажыраў «Убера» стартавы тарыф яшчэ меншы — 37 капеек за кіламетр.

Многіх таксістаў, якія прывыклі да «сытых» гадоў, такая сітуацыя абурае. Таму яны выстаўляюць тарыфы і працуюць «ад барта». Зразумела, што ахвотных пераплачваць у разы небагата. Таму даводзіцца ісці на розныя хітрыкі. Некаторыя гісторыі сканчваюцца скандаламі, як у сітуацыі з Рогач.

Аляксандр Стахоўскі.

Аляксандр Стахоўскі.

На рынгтоне ў Стахоўскага стаіць мелодыя з фільма «Бумер», на тонінгу замест гудкоў жартаўлівая аўдыёзамалёўка: «Вы пазванілі вельмі дзелавому чалавеку». Але ж, па словах самога Аляксандра Стахоўскага, іпэшніка і старшыні прафсаюзу таксістаў, сённяшнія яго справы асабліва ўдалымі не назавеш.

Мы сустракаемся з ім каля гандлёвага цэнтра «Карона-Замак»: Аляксандр стаіць побач са сваімі калегамі, таксама таксістамі-іпэшнікамі. Ён прыехаў на месца пасля 10-й гадзіны раніцы. Мы размаўляем а 16-й.

«Пакуль што я не зарабіў ані капейкі», — прызнаецца Стахоўскі.

Стахоўскі стаіць на сваім «Рэно-Логан» ля «Кароны-Замак» ад моманту адкрыцця цэнтра. Увогуле, таксуе Аляксандр каля 4 гадоў. Раней быў кіроўцам маршруткі, таксама «працаваў у іншых сферах». А па адукацыі ён — доктар-ветэрынар.

«Але я знайшоў сябе ў пасажыраперавозках, мне падабаецца. Кожны дзень новыя людзі, размовы, гутаркі», — кажа Аляксандр.

Стахоўскі, як і яго калегі, бяруць кліентаў чыста «з барта». Ад паслуг дыспетчараў адмовіліся — кажуць, вельмі нявыгадна.

Таксісты наракаюць, што дыспетчарскія службы бяруць за свае паслугі ў чатыры разы больш, чым у 2012 годзе, а тарыфы пакінулі такімі ж, як раней.

«Чаму дыспетчарская служба дыктуе тарыфы, пры гэтым не нясе аніякіх выдаткаў? — абураецца адзін з таксістаў («Мяне завуць Артур, у нашым свеце — Арцік», — называецца ён). — Тэхнічны стан машыны, запраўка, тэхагляд — яны не маюць да гэтага дачынення. Такога няма больш нідзе ў свеце! Я, як кіроўца, плачу за ўсё плюс нясу адказнасць перад пасажырам і плачу яшчэ за пасажыра страхоўку».

«Раней мы працавалі з дыспетчарамі. Але людзі праязджаюць 200 тысяч кіламетраў, машыны прыходзяць у непрыдатны стан. І народ ці ідзе на арэнднае аўто, ці сыходзіць з таксі. Бо трэба ж не толькі зарабляць на жыццё, а адкладваць грошы на наступную машыну! — тлумачыць Стахоўскі. — Але надта нізкія тарыфы для гэтага. Я не ведаю аніводнага таксіста, які зарабіў сабе на кватэру, напрыклад».

«Кіроўцы пачынаюць перапрацоўваць, ездзіць па 16—18 гадзін, каб кампенсаваць заробак, малы з-за нізкіх тарыфаў. Бо калі сядзець за стырном па 8 гадзін на дзень, то за месяц заробіш 1,5 тысячы, а аддаць трэба будзе 1,8», — пераконваюць яны.

Пасля адмовы ад дыспетчараў «бартавікі» нібыта сталі зарабляць трохі больш.

Калі адкінуць усе выдаткі на аўто, паліва і падаткі, то ў яго выходзіць «чыстымі» каля 500 рублёў на месяц, сцвярджае Стахоўскі. Яму на гэтыя грошы трэба карміць траіх дзяцей і жонку, якая ў дэкрэце.

Але ж чаму не пайсці на іншую працу?

«А на якую? Куды? — паціскаюць плячыма Стахоўскі з калегамі. — Няма куды, а працаваць трэба. Мы ж не хочам быць дармаедамі».

А «Убер»? Чаму не пайсці туды?

«Убер» працуе, па сутнасці, па-за законам. Чаму ўвогуле замежнай кампаніі даюць зялёнае святло? А з нашага беларускага таксіста выціскаюць апошняе? Гэта няправільна. Хай тады развіваюць хаця б беларускія аналагі «Убера», яны ж існуюць.

Ды і ездзіць там [кіроўцам «Убера» — Рэд.] за 37 капеек за кіламетр? Гэта ніжэй за сабекошт дарогі, — даказвае Стахоўскі. — Сабекошт кіламетра — рубель на маім «Рэно Логан». А калі машына даражэйшая, то, адпаведна, і сабекошт вышэйшы».

Увогуле, кажуць «бартавікі», ва ўсёй краіне павінен быць уведзены адзіны мінімальны тарыф для таксістаў. Мінімум — рубель за кіламетр, а лепш, каб кіламетр каштаваў як літр паліва. «Ідэальны тарыф — даляр за кіламетр», — дадае адзін з «бартавікоў».

Іх арыенцір — цэнаўтварэнне ў Савецкім Саюзе. Таксісты перадаюць адзін аднаму ўспаміны пра шчаслівыя 1970-я, калі пэўны час кіламетр праезду на таксі каштаваў столькі ж, як і літр бензіну.

Праўда, сітуацыя ў свеце цяпер іншая. У суседняй Вільні бюджэтная служба 1424 бярэ за кіламетр 49 еўрацэнтаў (роўна 1 рубель на нашыя). Але і літр бензіну каштуе 1,2 еўра (2,43 рублі)!

Карацей, у Мінску і ў Вільні прапорцыя кіламетр/бензін цалкам супадае. І ў Літве кіроўцы больш-менш задаволеныя тарыфамі.

Тарыфы ў кожнага беларускага кіроўцы-«бартавіка» свае. Стандартнага тарыфу няма. Кошты, якія ўказаны на паперах у салоне, мякка кажучы, жудасныя для звычайнага беларуса. У Стахоўскага, напрыклад, прапануецца ехаць за 5,50 рублёў за кіламетр.

Тарыфы ў машыне Стахоўскага. Фота з Фэйсбука Аляксандры Рогач — той самай абуранай кліенткі

Тарыфы ў машыне Стахоўскага. Фота з Фэйсбука Аляксандры Рогач — той самай абуранай кліенткі

Яго калега за паездку, меншую за 5 кіламетраў, просіць 14 рублёў.

Тарыфы ў калегі Стахоўскага, таксама таксіста-«бартавіка»

Тарыфы ў калегі Стахоўскага, таксама таксіста-«бартавіка»

Асноўная ідэя такая: кліент чытае паперку з цэнамі і альбо пагаджаецца ехаць, альбо не. Калі ўважлівасці не хапіла, пасля прыезду на месца прызначэння пачынаюцца «таргі». У кожнага кіроўцы пад тарыфамі дапісана: кошты могуць быць зменшаныя. Як кажуць самі таксісты, калі пасажыр не пачынае хаміць і абражаць іх, то, часцей за ўсё, атрымліваецца вырашыць, якая сума задаволіць абодвух.

Ёсць тарыф па дамоўленасці: калі бакі абмяркоўваюць кошт паездкі загадзя, і сума адразу выстаўляецца на лічыльніку.

Што тычыцца гісторыі з Аляксандрай Рогач, то Стахоўскі збіраецца аддаць той грошы.

«Я ёй вярну 63 рублі 55 капеек. Але не за паездку, а за піяр і рэкламу. Калі я вазіў бабулек бясплатна — і такое бывала! — то не было рэзанансу. Але газеты пра гэта не пісалі. Таму вось такім нізкім учынкам прыцягнулі ўвагу да праблемы пасажыраперавозак», — тлумачыць Аляксандр.

Але пасля вяртання грошай Стахоўскі плануе іх адсудзіць. Прычым раздумвае, ці не падаць пазоў на большую суму.

«Пацярпелі мае гонар і годнасць, дзелавая рэпутацыя прадпрымальніка. Людзі цяпер глядзяць на таксістаў, якія працуюць «ад барта», і бачаць у іх махляроў. Насамрэч мы не махляры, можна спраўдзіць гэта ў Міністэрстве эканомікі і Антыманапольным камітэце! З майго боку ў гэтай гісторыі ўсё было па законе. У маёй машыны ўжо праверылі ўсе дакументы — прэтэнзій да мяне няма, — кажа Стахоўскі. — Я ж даю чалавеку магчымасць азнаёміцца з тарыфамі, не хаваю ж іх. І шрыфт там не такі маленькі».

Па словах Аляксандра, ён ніколі не быў супраць змяншэння сумы.

«Часам і сам прапаноўваў кліенту, маўляў, давайце скіну, заплаціце менш, чым на лічыльніку. Карацей, усё залежыць ад таго, як складзецца дыялог паміж пасажырам і кіроўцам.

Але калі чалавек адразу ідзе на канфлікт, крычыць, што мы махляры, то што рабіць у такім выпадку? А няведанне закона не пазбаўляе кліента ад адказнасці, — тлумачыць сваю пазіцыю Стахоўскі. — Калі я іду ў краму і замест сыру набываю «сырны прадукт», то хто вінаваты, што я сам не паглядзеў?»

Што тычыцца гісторыі з Аляксандрай Рогач, то, па словах Стахоўскага, яна не пыталася, колькі будзе каштаваць паездка. Яна праглядзела тарыфы і пагадзілася. Вінаватая сама — так лічаць і іншыя «бартавікі».

Пры гэтым Стахоўскі прызнае, што сваімі паводзінамі падставіў іншых таксістаў. Але, запэўнівае ён, такім чынам планавалася прыцягнуць увагу да праблем таксі і ў цэлым індустрыі пасажыраперавозак. Цяпер ён бярэ за паездкі не па сваіх тарыфах, пазначаных у салоне, а трохі менш.

«Я папрасіў прабачэння ў астатніх таксістаў… Але я проста пайшоў ва-банк. Бо раней гучалі прапановы ад таксістаў заблакаваць, напрыклад, МКАД. Што, гэта было б лепш? — пытаецца Аляксандр. — І я прызнаю, што мой учынак — паставіць тарыф 5,5 рублёў за кіламетр — быў нізкамаральным і цынічным. Сёння такіх заробкаў у людзей няма. Але акцыя была накіравана на прыцягненне ўвагі. І закон я не парушыў».

Але ж, нягледзячы на ўсе гэтыя «высокія мэты» і прыцягненне ўвагі да праблем, ці не сорамна яму за гэтую гісторыю з Аляксандрай Рогач?

«Сорамна, так», — прызнаецца Стахоўскі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?