Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нагадвае, што сельскагаспадарчыя палы і выпальванне сухой расліннасці на тэрыторыі Беларусі забароненыя. Такая інфармацыя размешчана на сайце міністэрства, паведамляе БЕЛТА.

Развядзенне вогнішчаў, спальванне раслінных рэшткаў на тэрыторыях агульнага карыстання ў населеных пунктах не дапускаюцца, за выключэннем спецыяльна абсталяваных для гэтага месцаў, вызначаных рашэннямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. А на астатніх тэрыторыях дапускаюцца з захаваннем патрабаванняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і правілаў пажарнай бяспекі.

Карыстальнікі аб'ектаў расліннага свету, зямельных участкаў або водных аб'ектаў абавязаныя выконваць правілы пажарнай бяспекі і ў выпадку выяўлення ачагоў узгарання прыняць меры па іх ліквідацыі.

За невыкананне названых патрабаванняў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. За незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 40 базавых велічынь (адна БВ цяпер складае 23 рублі).

За развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах, за выключэннем парушэнняў патрабаванняў пажарнай бяспекі, прадугледжана папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 12 БВ.

Акрамя таго, незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў з'яўляецца фактам прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю і прадугледжвае грамадзянска-прававую адказнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0