14.03.2017 / 23:16

Кандрусевіч: Касцёл заклапочаны зацверджаным планам гендарнай роўнасці ў беларускім грамадстве 67

Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў сувязі з зацверджаным Саветам Міністраў планам гендарнай роўнасці ў беларускім грамадстве.

«І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго, стварыў мужчыну і жанчыну» (Быц 1, 27).

17 лютага Савет Міністраў Беларусі зацвердзіў Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў нашай краіне на 2017—2020 гады.

Занепакоены захаваннем Божага закону, які з’яўляецца гарантам ў будаванні шчаслівага жыцця, Каталіцкі Касцёл выказвае сваю глыбокую заклапочанасць патэнцыяльнай магчымасцю распаўсюджвання гендарнай ідэалогіі ў беларускім грамадстве.

Дзяржаўныя ўлады Беларусі шматразова выказваліся ў падтрымку маральных і гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашага народа, у тым ліку адносна сям’і, якая з’яўляецца падмуркам кожнага грамадства. У той жа час гендэрная ідэалогія мае дэструктыўны характар. Вялікую небяспеку выклікае і тое, што большасць людзей не ўсведамляе, што такое гендарная ідэалогія і якія яна мае наступствы.

Сацыяльныя навукі тлумачаць паняцце «гендар» як свабодны (у залежнасці ад культурных абставінаў) выбар чалавекам свайго полу. Гэта азначае, што пол чалавека вызначацца не яго фізіялогіяй, а ўплывам тых ці іншых культурных абставінаў. У наш час гэты пункт гледжання становіцца небяспечнай ідэалогіяй, якая імкліва ўкараняецца ў жыццё. Замест паняцця мужчына і жанчына ўводзяцца ажно сем паняццяў гендарнай прыналежнасці.

Усё гэта вядзе да пагрозы знікнення ідэнтычнасці мужчыны і жанчыны, да адмаўлення ад паняцця традыцыйнай сям’і, якая складаецца з бацькі, маці і дзяцей, а таксама да легалізацыі гомасексуальных саюзаў з правам усынаўлення дзяцей і г.д.

Прыхільнікі гендарнай ідэалогіі імкнуцца да ўвядзення ў школах маральна скажонага сексуальнага выхавання дзяцей, пры якім забараняецца ўжыванне такіх паняццяў, як «бацька», «маці», «сужэнства» і «сужэнская вернасць». У той жа час яны заахвочваюць да выкарыстання тэрмінаў «бацька А» і «бацька Б», а таксама «партнёрства на пэўны час».

Прапануецца вучыць дзяцей таму, што гомасексуалізм ці транссексуалізм — гэта свабодны выбар чалавека, доказам чаго з’яўляюцца прыклады пераапранання хлопчыкаў у адзенне дзяўчынак і наадварот. Такія прыклады ўжо сустракаюцца ў школах некаторых краін Захаду.

Усё гэта вядзе да антрапалагічнай рэвалюцыі і маральнага руйнавання грамадства з усімі наступствамі, якія адсюль вынікаюць, у тым ліку да змены полу, фарміравання жаночых рысаў у хлопчыкаў і мужчынскіх — у дзяўчынак. Прыхільнікі гендарнай ідэалогіі сцвярджаюць, што полам можна распараджацца па ўласным меркаванні. Такім чынам яны плануюць стварэнне новага чалавека, які валодае не адпаведнай Божаму намеру свабодай выбару ўласнага полу і сексуальнай арыентацыі.

Касцёл не можа заставацца нейтральным ці абыякавым у тым выпадку, калі парушаецца маральнае і натуральнае права, атакуецца ўстаноўлены Богам інстытут сям’і і яе каштоўнасці, сужэнства, мацярынства, бацькоўства, маральнасць у сексуальным жыцці і г.д. Касцёл таксама бароніць правы жанчын і рашуча асуджае несправядлівыя адносіны да яе ў сям’і і грамадстве, але адказам на гэтую праблему не можа быць барацьба супраць сям’і як такой.

Салідарнасць паміж сужэнцамі ў сям’і, паміж мужчынамі і жанчынамі ў грамадстве з’яўляецца абавязковаю для таго, каб яны маглі плённа дзейнічаць на карысць усіх людзей, а падтрымка традыцыйнай сям’і, бацькоўства і мацярынства не пагражае правам і годнасці жанчын.

У сувязі з вышэйсказаным звяртаюся да дзяржаўных уладаў і ўсяго беларускага грамадства з заклікам не дапусціць яго маральнага разлажэння праз увядзенне ў штодзённую жыццёвую практыку гендарнай ідэалогіі. Законы, якія прымаюцца ў краіне, павінны служыць захаванню традыцыйнай сям’і і спрыяць яе развіццю, бо ад гэтага будзе залежаць будучыня нашай Бацькаўшчыны. Перафразуючы словы св. Яна Паўла II, хочацца сказаць: «Беларусь, калі жадаеш быць вялікаю і моцнаю, барані сям’ю!».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 14 сакавіка 2017 года


129
ххх / Адказаць
14.03.2017 / 23:29
Какая чушь! Мы же не в 12-м веке живем. Кто хочет жить по законам божьим пусть живет по законам божьим. Кто хочет жить по законам природы - пусть живет по законам природы. Религия не должна вмешиваться и навязывать свои правила жизни. В мире есть только одни правила - правила природы (физика, химия, биология, генетика и т.д.). Верующие верьте, но не мешайте жить другим.
27
Раман / Адказаць
14.03.2017 / 23:32
За гэта і паважаю каталікоў. Яны паказваюць, што можна быць рэлігійным чалавекам, паважаць Бога, шанаваць Дзесяць Запаветаў і чытаць Біблію, але пры гэтым быць чалавекам сучасным, ісці ў нагу з эпохай, а не жыць у маральным Сярэднявеччы.
4
Ken / Адказаць
14.03.2017 / 23:35
яго зксэленцыя, пан Тадэвуш, зьвяртакцца да драздуноў і да ціпа сізара лукі, ці да працаўнікоў камвольнога камбіната?
Паказаць усе каментары/ 67 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру