Ідуць суды над студэнтамі, затрыманымі пасля Маршу недармаедаў ФОТЫ ЗАТРЫМАНЫХ
Сёння ў Мінску, у судах Цэнтральнага, Савецкага і Першамайскага раёнаў, праходзяць суды над затрыманымі ўчора ўдзельнікамі Маршу недармаедаў. Судзяць некалькі дзясяткаў чалавек.

У суд Цэнтральнага раёна даставілі 27 затрыманых, Савецкага — 14, Першамайскага — 9.
Хроніку затрыманняў і арыштаў вядуць праваабаронцы незарэгістраванага цэнтра «Вясна», яе можна паглядзець ТУТ.
Міраненка Ілля. Ён мяркуе, што яму інкрымінуюць крымінальную справу за збіццё міліцыянта.


15:11
Сталі вядомыя абвінавачванні затрыманым на магілёўскай акцыі пратэсту 15 сакавіка. Справы будуць разглядацца ў Ленінскім судзе. Аляксандр Царук — непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі, Ігар Чырак — непадпарадкаванне міліцыі і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, Дзмітрый Люнтаў — арганізацыя несанкцыянаванага мерапрыемства, Аляксандр Нажэнка, Алена Кісель, Канстанцін Чарноў, Алег Мяцеліца — удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Алена Кісель (Магілёў) аштрафаваная на 345 рублёў.
15:05
Анастасія Ранько — 12 сутак арышту
14:53
Уладзімір Ларыёнаў — 12 сутак арышту.
14:51
Гэтаму пабітаму хлопцу інкрымінуюць ужыванне газавага балончыка. Гэта Андрэй Навакоўскі.
Працуе будаўніком, паводле яго слоў, не ішоў з анархістамі, быў без маскі. «Клянуся, я быў не з імі!» — эмацыйна кажа хлопец у судзе. Кажа што яго не выцягвалі, ен выйшаў сам, бо патрэбна было перасесці. «Мне шыюць крыміналку», — эмацыйна крыкнуў ён. Кажа, што яго збілі пры затрыманні.

Пётр Маркелаў атрымаў 12 сутак, гэта яго відэа брутальнага затрымання ў тралейбусе цяпер набірае прагляды ў інтэрнэце. 6 сутак яму далі «за супраціўленне міліцыі» + 6 за тое, што «быў у масцы»

Настасся Ранько чакае свой прысуд.

Арцём Скарабагаты з маці, якая прынесла перадачу сыну.

Антону Данілаву стала кепска, яго забралі дактары.

Ілля Міраненка, Алёна Дубовік і Павел Маркаў аб'явілі галадоўку. Усе яны атрымалі каля 15 сутак і не згодныя з рашэннем суда.

Астатніх сябры спрабуюць накарміць па дарозе ў залу суда. Некаторых затрыманых не кармілі ў ізалятары.

Супрацоўнікі АМАПа і спецназа, што затрымлівалі маладзёнаў, сёння вельмі саромяцца перад камерамі ды хаваюць твары.




14:50
Марына Дубіна —14 сутак арышту.
Суд адхіліў хадайніцтвы Марыны Дубінай аб праглядзе запісаў з відэарэгістратараў у аўтамабілі і пры затрыманні — маўляў, яны толькі для службовага карыстання.
14:34
Будуць судзіць Уладзіслава Лобава (брата экс-палітвязня Эдуарда Лобава). Ён распавеў, што яны ўсю ноч стаялі ля сцяны на Акрэсціна. Іх не кармілі. Аднаго хлопца збілі моцна. У яго сінякі і фінгалы, менавіта яму, мяркуе Уладзіслаў, інкрымінуюць збіццё міліцыянта.
13:44
Алена Дубовік перад судом распавяла, што затрыманых у Мінску 15 сакавіка ў міліцэйскіх бусах «моцна білі, што ў трох сінякі пад вачыма», а яе саму «моцна пацягалі за вопратку». Дубовік пасьпела замовіць адваката, суд пагадзіўся. Прысуд — 12 сутак.
13:20
Арцём Салавей асуджаны на 14 сутак, Аксана Малюкова — 13 сутак, Арцём Маркін — 12 сутак.
Расклад судоў у Магілёве, паведамляе Радыё Свабода.

13:10
Максім Курцоў (суд Цэнтральнага раёна) атрымаў 12 сутак арышту
13:00
Арсеній Канаплёў (суд Першамайскага раёна) асуджаны на 13 сутак.
Затрыманы распавёў, што выйшаў з метро, яго адразу затрымалі і даставілі ў міліцэйскі пакой у метро, каб праверыць дакументы. Затрымлівалі супрацоўнікі ў цывільнай вопратцы.
АМАПавец-сведка Маскалёў распавёў, што яны былі ў форме, а грамадзянін крычаў. Яны папрасілі яго супакоіцца, але грамадзянін не зрабіў гэтага і яны яго затрымалі. Другі сведка-АМАПавец Радзько паўтарыў тое ж самае, піша spring96.org
12:48
У Мінску за ўдзел у Маршы недармаедаў судзяць 31-гадовага расіяніна
Павел Маркаў асуджаны на 15 сутак.
12:16
У судзе Цэнтральнага раёна адной з першых пачалі судзіць Алену Немік. Яна распавяла, што да 3 ночы афармлялі пратаколы. Алену затрымлівалі ў тралейбусе. Яна заявіла, што хоча замовіць адваката, таму суддзя абвясціла перапынак на 15 хвілінаў, піша Радыё Свабода. Немік вінавацяць ў тым, што брала ўдзел у акцыі ў масцы і адмовілася зняць маску, чым нібыта аказала непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Прысуд — 13 сутак.

12:09
Студэнтку БДУІР Святлану Серавокую, якую судзяць у Першамайскім раённым судзе, затрымлівалі людзі ў цывільным, даглядалі таксама ў цывільным, адзін быў у форме. Яны ж і сведчаць.
Серавокую забралі ў пераходзе каля кінатэатра «Кастрычнік». Абвінавачванні тыя ж — супраціў работнікам міліцыі, лаялася нецэнзурна. Серавокая настойвае, каб паглядзелі відэазапіс з камераў назірання ў пераходзе, піша Радыё Свабода.
У выніку Святлана Серавокая асуджаная на 14 сутак.
11:54
Сяргей Мацкойць асуджаны на 15 сутак. Супраць яго сведчылі тыя ж самыя АМАПаўцы, што і супраць Лізаветы Пракопчык, піша Радыё Свабода.
Сярод затрыманых — прадстаўніцы грамадскай арганізацыі «Экадом» Марына Дубіна і Ксенія Малюкова.
11:45
Яўген Дзядкоўскі (суддзя Святлана Чараповіч) асуджаны Першамайскім судом Мінска на 15 сутак, паведаміў у фэйсбуку Уладзь Лабковіч. Дзядкоўскі таксама быў затрыманы прэвентыўна.
11:30
У суд Першамайскага раёна Мінска даставілі 10 чалавек, якіх учора затрымалі прэвентыўна.
Першай судзілі студэнтку Лінгвістычнага ўніверсітэта Лізавету Пракопчык. Супрацоўнікі АМАПа Батун і Антановіч сказалі, што дзяўчына выказвалася нецэнзурнай лаянкай. Супраціўлялася, крычала. Пракопчык заявіла хадайніцтва дапытаць дзяўчыну, якая ішла разам зь ёй. Сведка Сахарчук кажа, што яна была разам з Пракопчык. Пракопчык была ў медыцынскай павязцы, бо хварэе на грып. Яна не лаялася, ішла спакойна.

Нягледзячы на гэта Лізавеце Пракопчык далі 13 сутак (суддзя Юрый Гарбатоўскі), піша Радыё Свабода.
***


***
Усяго ўчора ў Мінску, Магілёве і Гродне былі затрыманыя, паводле розных ацэнак, ад 35 да 50 чалавек. Многія затрыманыя былі жорстка збітыя.
Каментары