30 ліпеня ў Пружанах адбыліся публічныя дэбаты па перайменаваньні адной з вуліц горада імем канцлера ВКЛ Лява Сапегі. Вынікам сустрэчы стала кампраміснае рашэньне назваць імем вялікага дзеяча новую вуліцу, якая толькі праектуецца.
Сустрэча ў лады і грамадзкасьці адбылася ў зале паседжаньня дэпутатаў мясцовага Савета.
«У цэлым мы задаволены вынікам дэбатаў, хаця, канешне, нашай мэтай было менавіта перайменаваньне вуліц, якія носяць імёны былых НКВДыстаў і камуністычных партфункцыянэраў, што мелі датычнасьць да палітычных і іншых відаў рэпрэсій. Нам таксама ўдалося схіліць камісію да разгляду пытаньня аб наданьні новым вуліцам імёнаў знакамітых землякоў Пружаншчыны», – адзначыў актывіст Руху «За Свабоду» Зьміцер Красевіч.
Нагадаем, месяц таму па ініцыятыве Руху «За Свабоду», ТБМ і жыхароў Пружанаў, быў арганізаваны збор подпісаў грамадзянаў са зваротам да мясцовага Савета дэпутатаў і выканаўчага Камітэту аб перайменаваньні адной з вуліц горада імем канцлера ВКЛ Льва Сапегі. Пад калектыўнай просьбай падпісалася больш за сто грамадзянаў.