Генералы Сухапутных войск, ВПС, ВМС і марской пяхоты ЗША абмяркоўвалі апошнія тры дні ў Хантсвіле (штат Алабама) новую канцэпцыю баявых дзеянняў, якая будзе адрознівацца нябачаным раней узаемадзеяннем жаўнераў і тэхнікі на полі бою. 

Канферэнцыю арганізоўвае Асацыяцыя Сухапутных войск ЗША — уплывовая грамадская арганізацыя, якая мае за мэту падтрымку і развіццё гэтага віду ўзброеных сіл.

Згодна з ідэяй, якой прысвечаныя як мінімум 4 спецыяльныя абмеркаванні на мерапрыемстве, пехацінцы і касмічныя спадарожнікі, падводныя лодкі і танкі, самалёты ў небе і хакеры ў кіберпрасторы будуць аб'яднаныя ў адзіную вайсковую сетку абмену інфармацыяй.

Усе гэтыя сілы будуць узаемна падтрымліваць адзін аднаго, ствараючы гнуткую сістэму, што хутка кампенсуе перавагі праціўніка ў той ці іншай асобнай сферы.

ATACMS. Фота breakingdefense.com

ATACMS. Фота breakingdefense.com

Гэтак, напрыклад, армейская ракетная сістэма ATACMS, якая прызначаная для знішчэння цэляў на зямлі, атрымае магчымасць знішчаць рухомыя цэлі ў моры, падтрымліваючы такім чынам уласны флот, піша breakingdefense.com.

Прапануецца аб'яднанне сетак сістэм ракетна-зенітнай абароны і радыёэлектроннай разведкі розных радоў войск, такім чынам, каб радары караблёў, пяхоты, авіяцыі маглі хутка абменьвацца інфармацыяй.

Акрамя таго існуе ініцыятыва стварэння новай сістэмы кіравання войскамі, самалётамі і караблямі, якая будзе каардынаваць дзеянні ва ўсіх стыхіях, у тым ліку ў кіберпрасторы і космасе, а таксама інтэграваць амерыканскіх хаўруснікаў па NATO.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?