20.03.2017 / 14:52

Як звычайная сям'я Брылёнкаў наладзіла выпуск найсмачнейшага беларускага ласунку ВІДЭА 32

Калі не ведаеце, чым такім беларускім здзівіць замежнага госця, то прэзентуйце яму зефір, згушчонку ці журавіны ў цукры. Гэтыя такія звыклыя для нас прадукты для жыхароў іншых краін сапраўднае адкрыццё.

Незвычайныя кісла-салодкія дражэ — падарунак Глыбоччыны. Большасць ягад, схаваных пад цукрам, сабраныя мясцовымі жыхарамі на найбліжэйшых балотах. Ды і само прадпрыемства «Аржаніца», якое надае журавінам непаўторны смак, месціцца ў Глыбокім і належыць мясцовай сям’і Брылёнкаў.

«Аржаніца» з’явілася 25 гадоў таму, але ў той час выпускала не журавіны ў цукры, а рознае харчовае абсталяванне. Першы пакунак ягад тут вырабілі толькі праз чатыры гады, ды і тое, хутчэй, выпадкова. Вырашыўшы паспрабаваць сябе ў харчовай прамысловасці, Брылёнкі сталі актыўна распрадаваць абсталяванне, якое на той момант заставалася. І амаль усё прыстроілі, акрамя адной лініі для вытворчасці журавін у цукры. Вось тады глыбоцкая сям’я і вырашыла ўзяцца за выраб славутага прысмаку і займаецца гэтым ужо 20 гадоў.

Як вырабляюць журавіны ў цукры

Лінія па вытворчасці журавін у цукры працуе звычайна два-тры разы на тыдзень, усё залежыць ад замоў. За дзень тут могуць вырабіць да 600 кілаграм дражэ.

Хоць журавіны паступаюць на лінію ўжо адсартаваныя, іх яшчэ раз уручную перабіраюць, каб не трапіліся пашкоджаныя, недаспелыя ці пераспелыя ягады.

Далей іх пакрываюць клейстарам, адмысловым клеем, прыгатаваным з мукі або крухмалу, каб добра браўся цукар.

Прайшоўшы «цукровы тунэль», журавіны ўручную абкатваюцца ў цукровай пудры і ў выніку трапляюць у латок.

Фасуюць ягады на адмысловай машыне, а вось упакоўкі для іх збіраюць уручную. Цягам дня жанчыны могуць скласці ад трох да пяці тысяч пакункаў.

«Самае галоўнае і самае складанае ў нашай працы — захаваць сыравіну. Бачыце, як выглядаюць журавіны? — кажа дырэктар фірмы Анатоль Брылёнак і закідвае ў рот некалькі свежых ягад. — Калі журавіны добрай якасці, значыць, добрай будзе і прадукцыя».

У адмысловым сховішчы да 20 тон свежых ягад могуць ляжаць цэлы год. Тут ім ствараюць амаль тыя ж умовы, што і на балоце, таму яны не губляюць ні свой натуральны выгляд, ні смак.

«Ужо другі год мы працуем без перапынкаў, бо вырашылі пытанне захавання журавін. Дагэтуль працавалі максімум да чэрвеня, — зазначае спадар Анатоль. — Май звычайна яшчэ працавалі, а потым пачыналася спёка і трэба было тэрмінова закругляцца. Летам не было магчымасці мець сыравіну добрай якасці. У 2015 годзе мы вырашылі гэтую праблему і 2016 год адпрацавалі цалкам. На першы погляд, вытворчасць простая, але тут шмат нюансаў. Ні ў кога не атрымалася, сёння мы адзіны вытворца не толькі ў Беларусі, але фактычна ва ўсёй Еўропе».

Анатоль Брылёнак

Журавіны на «Аржаніцы» выкарыстоўваюць беларускія, сабраныя пераважна на Глыбоччыне.

«У нас ёсць спецыяльная машына УАЗ, на якой мы выязджаем на балоты. Людзі ведаюць, і там жа адразу прадаюць нам сабраныя ягады, — кажа спадар Анатоль. — У сезон мы закупляем да 30 тон дзікарослых журавін. І яшчэ некалькі тон набываем на адмысловых плантацыях. Бяром асабліва буйныя гатункі, яны даражэйшыя, і мы з іх робім наборы цукерак з рознымі абсыпкамі».

Цяпер на прадпрыемстве выпускаюць 16 розных прадуктаў: журавіны ў самых розных варыяцыях, сочыва, мармелад.

«Мы пачыналі з простых журавін у цукры, — прыгадвае жонка спадара Анатоля Ніна Брылёнак, якая працуе ў «Аржаніцы» намеснікам дырэктара. — Потым сталі дадаваць цынамон, какава-парашок, шакалад, розныя абсыпкі. Спачатку паспрабавалі арахіс-какос, пабачылі, што людзям спадабалася. Тады дадалі даражэйшую абсыпку — міндаль і фундук».

Ніна Брылёнак працуе ў мужа намесніцай.

Прадпрыемства «Аржаніца» зусім невялікае, тут працуюць усяго 24 чалавекі. Цягам месяца каманда вырабляе чатыры тоны добра знаёмых усім пакункаў з журавінамі. 80% з іх пасля накіроўваюць у сталіцу, частка едзе ў Расію, а цяпер дырэктар фірмы Анатоль Брылёнак пракладае шлях і ў Еўропу.

«Амаль год давялося працаваць над тым, каб журавіны атрымалі дазвол на права ўвозу ў еўразону, і сёння гэта так, — кажа спадар Анатоль. — Будзем збіраць валюту, яна не згубіць у інфляцыі. Рынкі трэба мець. Хто не будзе экспартаваць прадукцыю, у таго будзе вартае жалю існаванне. Нас менш за дзесяць мільёнаў, мы не можам з’есці ўсё тое, што вырабляем. Усё гэта трэба кудысьці вывозіць, камусьці прадаваць. У тым ліку і нашу прадукцыю».

Анатоль і Ніна Брылёнкі пачалі рыхтаваць сабе змену. Іх меншы сын Васіль апошнія некалькі гадоў паступова паглыбляецца ў сямейны бізнэс і мусіць стаць пераемнікам.

«А там, глядзіш, і ўнукі перахопяць, — кажа спадар Анатоль. — У мяне тры ўнукі і тры ўнучкі, і ўсе яны вельмі любяць нашы журавіны. Сам я ягады ем мала. Часам прыйдзеш у цэх, трэба прадэгуставаць, праверыць, у якім стане журавіны. Гэта абавязак. Хочаш не хочаш, а даводзіцца. За вытворчасцю трэба сачыць, чым больш людзей правяраюць, тым лепш. Каштую журавіны амаль кожны дзень, але яны мне не надакучылі».

Спадар Анатоль ганарыцца тым, што іх журавіны — цалкам натуральны прадукт, у якім няма ніякіх сінтэтычных дадаткаў.

І хоць сабе ягады ў цукры, у іх усё адно шмат карыснага. Апошнім часам Брылёнкі ўзяліся яшчэ і за грамадскую асвету — стварылі грамадскае аб’яднанне «Клюквачы» і заахвочваюць людзей берагчы нашу прыроду.

Настасся Роўда, фота і відэа Мікіты Недаверкава

11
алек.ru / Адказаць
20.03.2017 / 09:44
Усё прыгожа i напicaна цiкава,але ж адсутнасць мовы у афармленнi усё сапсавала,нават у назве прадпрыемства вырашылiвыкарыстаць и замест i. Сумна!
2
Из Рогачева / Адказаць
20.03.2017 / 09:45
У нас такой продукции нет в магазинах, даже не знала и не видела раньше. Упаковка красивая, с удовольствием бы купила с корицей
2
Так / Адказаць
20.03.2017 / 10:02
Тут необходимо похвалить людей. Хорошая продукция. Молодцы!
Паказаць усе каментары/ 32 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру