17.03.2017 / 19:45

«Белнафтахім»: Рэзкага росту цэн на бензін у Беларусі не будзе 9

Цэны на маторнае паліва ў Беларусі змяняюцца ўслед за кан'юнктурай рынку. Пра гэта заявіла прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Марына Касцючэнка, каментуючы па просьбе БЕЛТА нядаўняе павелічэнне цэн на маторнае паліва на 1 капейку.

Паводле слоў прэс-сакратара, за апошні час кан'юнктура нафтавага рынку значна пагоршылася. Паступова скарачаюцца суадносіны каціровак нафты і экспартнай карзіны нафтапрадуктаў, што адмоўна ўплывае на эфектыўнасць нафтаперапрацоўкі. У Расіі з 2015 года ў нафтавай сферы рэалізуецца «падатковы манеўр», які набліжае цану на нафту для Беларусі да сусветнай. За перыяд са студзеня 2015 года да сакавіка 2017 года цана нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў вырасла на 75 працэнтаў.

Марына Касцючэнка звярнула ўвагу, што па ўсіх існуючых эканамічных законах павелічэнне кошту сыравіны непазбежна прыводзіць да павелічэння кошту гатовага прадукту. У той жа час у Беларусі цэны на аўтамабільнае паліва не мяняліся больш за два гады. За гэты перыяд у выніку дэвальвацыі беларускага рубля цэны на нафтапрадукты ў доларавым эквіваленце знізіліся на 25 працэнтаў. У студзені 2015 года 1 літр аўтабензіну АІ-95 каштаваў $0,83, у сакавіку 2017 года - $0,62. Цана 1 літра дызельнага паліва знізілася за гэты перыяд з $0,86 да $0,64.

Цэны, сфарміраваныя ў пачатку 2015 года, былі рэнтабельныя для вытворцы пры цане нафты каля $45 за бараль і курсе беларускага рубля Br1,4 за $1.

«Што адбываецца цяпер? Цана нафты вырасла да $52 за бараль, курс долара ЗША складае Br1,9, павялічыліся ў 1,5 раза акцызы, новы этап «падатковага манеўра» на $23,7 пагаршае эфектыўнасць нафтаперапрацоўчых заводаў на кожнай тоне сыравіны», — адзначыла Марына Касцючэнка.

У выніку дзеяння ўсіх гэтых фактараў, гэта значыць уплыву кан'юнктуры рынку, рэнтабельнасць вытворчасці і рэалізацыі маторнага паліва на ўнутраным рынку Беларусі стала адмоўнай.

Пры гэтым у сярэдзіне сакавіка рознічныя цэны на бензін на расійскіх АЗС перавысілі ўжо ўзровень беларускіх (у Маскве — на 6 працэнтаў, у Смаленску — на 2 працэнты). Ва Украіне цана на дызельнае паліва вышэйшая, чым у Беларусі, на 27 працэнтаў, на бензін АІ-95 — на 46 працэнтаў. У Літве, Латвіі, Польшчы дызельнае паліва даражэйшае за беларускае на 75 працэнтаў, бензін АІ-95-К5 — на 85-97 працэнтаў.

«Актыўная мадэрнізацыя НПЗ дала магчымасць Беларусі першай сярод краін СНД перайсці на выпуск маторнага паліва самага высокага ўзроўню якасці, знізіць нагрузку на экалогію і ўзровень вытворчых затрат. А значыць — даць аўтааматарам якаснае і недарагое аўтамабільнае паліва, — нагадала Марына Касцючэнка. — Каб беларускі спажывец і далей атрымліваў прадукт самага высокага класа і па ўмеранай цане, неабходна далейшае развіццё НПЗ - удасканаленне вытворчасці, павелічэнне глыбіні перапрацоўкі нафты, пашырэнне асартыменту і павышэнне якасці прадукцыі да патрабаванняў перспектыўных сусветных стандартаў якасці». Толькі ў 2017 годзе на фінансаванне інвестыцыйных праектаў беларускай нафтаперапрацоўкі неабходна накіраваць больш за $400 млн.

«НПЗ прымаюць меры па максімальным скарачэнні затрат. Але з-за негатыўных знешніх фактараў і нізкіх цэн на нафтапрадукты на ўнутраным рынку забеспячэнне эфектыўнай работы заводаў і фінансаванне іх мадэрнізацыі застаюцца праблемнымі пытаннямі. Таму павышэнне цэн на нафтапрадукты жыццёва неабходна для НПЗ. Трэба разумець, што рэзкага росту не адбудзецца, змяненне цэн будзе паэтапным і паступовым», — рэзюмавала Марына Касцючэнка.

0
Крыштабаль / Адказаць
17.03.2017 / 20:10
З аднаго барэля нафты (за 52$) атрымліваецца: 85 литров бензина, 25 литров дизельного топлива, 20,7 литров авиационного топлива, 9 литров нефтезаводского газа, 8, литров нефтяного кокса, 5,6 литров мазута, 4,5 литра сжиженного газа, 1,5 кг древесного угля в брикетах, 12 баллонов с пропаном, 170 восковых свечек для торта, 1 литр моторного масла. Калі прадаць толькі бензін і дызель, ужо атрымаецца выручка 70,33$. Гэта ЗВЫШПРЫБЫТКІ, таму хай дашырак на вушы нам не вешаюць.
1
ян / Адказаць
17.03.2017 / 20:13
Едим на АЗС
0
Рэжу на трасянцы / Адказаць
17.03.2017 / 20:39
"Мы вас не больно зарежем"(с). Кожны тыдзень па адной капейцы будзем падымаць.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру