Польшча не будзе купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. Пра гэта заявіў журналістам упаўнаважаны польскага ўрада па пытаннях стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі, піша выданне BiznesAlert.pl.
- Не будзем купляць электраэнергію ў Астраўцы. Кропка. Кампанія PSE (Польскія электрасеткі) прыступіць да разборкі лініі электраперадачы Беласток - Рось, - сказаў ён.
Адна з прычын - «дэсінхранізацыя энергетычных сістэм» краін Балтыі, Беларусі і Расіі.
Наімскі таксама сказаў, што Польшча падтрымлівае пратэст Літвы ў дачыненні да будаўніцтва БелАЭС. «Калі электрастанцыя будзе пабудавана, то яна павінна адпавядаць усім стандартам бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя», - падкрэсліў ён.
Восенню 2016 года прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў прапаноўваў Польшчы супрацоўніцтва ў пытаннях паставак электраэнергіі з будучай АЭС. «Польскі бок мог бы скарыстацца гэтай электраэнергіяй або транзітаваць яе далей, у Еўрапейскі саюз, - сказаў кіраўнік беларускага ўрада. - Ва ўсякім выпадку, гэтая тэма актыўна ў свой час вывучалася, і я думаю, яна мае перспектыву».
Нагадаем, Літва, якая выступае праціўнікам будаўніцтва БелАЭС, заклікала суседнія дзяржавы не купляць электраэнергію ў Астраўцы. Літоўскі міністр энергетыкі Рокас Масюліс звярнуўся да міністраў Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Фінляндыі з прапановай абмеркаваць пытанне куплі электраэнергіі у трэціх краін, якія будуюць небяспечныя АЭС.
У лютым гэтага года намеснік міністра энергетыкі Беларусі Вадзім Закрэўскі заявіў, што ў Еўрасаюзе «ёсць палітычны складнік, блакіроўка пакуль прысутнічае». «Яны, вядома, баяцца, што хлыне туды танная расійская электраэнергія», - сказаў ён (цытата па РІА «Навіны»).
Чыноўнік лічыць, што тэхнічныя магчымасці экспарту электраэнергіі ў Польшчу ёсць у астраўным рэжыме, «але, па-добраму, трэба рабіць ўстаўку пастаяннага току і вызначаць нейкі аб'ём, але ён павінен быць эканамічна абгрунтаваны, гэта значыць той бок павінен разумець, што трэба заключаць нейкі доўгатэрміновы кантракт, каб мы маглі ўстаўку акупіць. «Але ў нас задача пабудаваць устаўку пастаяннага току на тэрыторыі Польшчы, не на нашай, каб у нас ажыццяўляўся экспарт электраэнергіі ў Еўропу», - сказаў Закрэўскі.
ЛЭП «Рось - Беласток» напругай 220 кв была пабудавана ў 1962 годзе і працавала да 1994 года. У 2000-2005 годзе яе задзейнічала для транзіту расійскае РАТ «ЕЭС Расеі». У сярэдзіне 2000-х гадоў «Белэнерга» вяло перамовы з PSE на пастаўку электраэнергіі з Бярозаўскай ГРЭС «Белэнерга». Тады ж Беларусь афіцыйна накіроўвала ў Еўракамісію прапанову па стварэнні электраэнергетычнага транспартнага кальца з ЕС, але па розных прычынах яму не быў дадзены ход.
Беларуская АЭС узводзіцца побач з Астраўцом, за 50 кіламетраў ад Вільнюса. Крэдыт для будаўніцтва выдзеліла Расія. Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны на 2019 г., другога - да 2020.
Каментары