19 сакавіка сустрэчай з Лявонам Вольскім завяршыцца першая выстава карцін беларускіх музыкаў «Музыка без межаў», якая з 9 сакавіка працуе ў мінскай прасторы «ЦЭХ» (вул. Кастрычніцкая, 16). У экспазіцыі прадстаўленыя больш за 20 твораў вядомых беларускіх выканаўцаў. Сярод іх і тры карціны Вольскага. Творчая сустрэча з Лявонам пачнецца ў 16.00, уваход — усяго 2 рублі! Музыка абяцае захапіць з сабой гітару і мікрафон, распавесці пра сваё мастацтва і зладзіць распродаж квіткоў на свой вялікі канцэрт, што адбудзецца 8 траўня ў Вільні (па 45 рублёў на танцпол замест 49).

Нагадаем, выстава «Музыка без межаў» закліканая паказаць розныя грані самавыражэння творчай асобы, а таксама паразважаць над актуальнай для Беларусі праблемай свабоды творчасці і яе межаў. На выставе прадстаўленыя карціны і малюнкі Лявона Вольскага, лідара гурта «Крама» Ігара Варашкевіча, гурта «Палац» Алега Хаменкі, фронтмэна брэсцкіх панк-зорак «Дай дарогу!» Юрыя Стыльскага, Андруся Такінданга (Recha, Harotnica), Ганны Жданавай (Lilac), лідара гурта Znich Алеся Таболіча, Сяргея «Скрыпы» Скрыпнічэнкі (Žygimont Vaza) і Аляксандра Дземідзенкі (Re1ikt). Усе музыкі граюць у розных стылях, аднак, як высветлілася, іх аб'ядноўвае выяўленчае мастацтва.

У апошні дзень працы выстава будзе адкрытая да 22-й гадзіны. Даведкі +375 29 121 22 96

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?