У Бранскай вобласці Расіі дырэктар школы і настаўнікі правялі выхаваўчую гутарку з вучнямі пасля таго, як адзін з школьнікаў запісаўся на ўдзел у мітынгу Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага. Запіс гутаркі даступны ў сетцы YouTube. Школьніка проста з урока забралі ў паліцыю. Педагогі спрабавалі расказаць падлеткам пра «непатрыятычнасць» падтрымкі апазіцыі, аднак дзеці заступіліся за свайго таварыша і выказалі некалькі бесстаронніх заўваг пра прэзідэнта, прэм'ера і кіруючую партыю РФ, а таксама аб удзеле краіны ў захопе Крыма і вайне ва Украіне.

Падчас гутаркі дырэктарка назвала прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна «лідарам з высокім рэйтынгам за кошт замежнай палітыкі», хоць і прызнала, што «ўнутраная палітыка слабаватая» з-за адсутнасці грошай.

«А якая замежная палітыка ў нас праводзіцца? Супраць нас Амерыка, супраць нас Еўропа. З-за Крыма, што мы адабралі», — адказалі дзеці.

Фонд Навальнага паведаміў у «Укантакце», што гатовы прадаставіць затрыманаму юнаку бясплатную юрыдычную дапамогу.

2 сакавіка Фонд барацьбы з карупцыяй Навальнага апублікаваў расследаванне аб «карупцыйнай імперыі» Мядзведзева пад назвай «Ён вам не Дзімон». У фондзе сцвярджаюць, што прэм'ер-міністр і яго асяроддзе стварылі злачынную схему, заснаваную на дабрачынных фондах, якімі кіруюць сябры, аднакурснікі і давераныя асобы кіраўніка ўрада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0