Беларусь не збіраецца згортваць ваеннае супрацоўніцтва з Расіяй з-за рознагалоссяў у іншых сферах. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння пры дакладзе задумы сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017».

«Для сродкаў масавай інфармацыі асабліва адзначу, што насуперак меркаванням асобных экспертаў ніхто не збіраецца згортваць супрацоўніцтва з Расіяй у ваеннай вобласці з-за ўзніклых рознагалоссяў у іншых сферах. Наадварот, вучэнне з'яўляецца дэманстрацыяй нашага пастаянства ў гарантаванні бяспекі двух брацкіх народаў», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Як бы ні складваліся нашы адносіны ў галіне нафты, газу, прадуктаў харчавання і іншага, гэта ўсё пытанні вырашаюцца. Гэта нашы пытанні — Беларусі і Расіі. А вось жартаваць з бяспекай, абараназдольнасцю нашых супольных межаў ні ў якім разе нельга. Гэта не падлягае ніякаму торгу», — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, міжнародная абстаноўка абавязвае бесперапынна павышаць майстэрства і ўзровень рэгіянальнай групоўкі войскаў для абароны заходніх межаў «Саюзнай дзяржавы». «Маючае адбыцца вучэнне з'яўляецца лепшым спосабам праверыць гатоўнасць вайскоўцаў дзвюх краін да ўзаемадзеяння. Такім чынам мы ўмацоўваем сваю агульную абараназдольнасць і будзем гэта рабіць надалей», — сказаў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што шмат гадоў таму Беларусь і Расія дамовіліся праводзіць такія вучэнні па чарзе на тэрыторыі адной і другой краін, зараз чарга Беларусі.

Ён таксама адзначыў, што на заходнім накірунку ў Беларусі і Расіі створана магутная групоўка ўзброеных сіл, аснову якіх складае беларуская армія.

«У выпадку канфлікту, не дай бог вайны, існуе пэўны план вядзення баявых дзеянняў сіламі беларускіх Узброеных Сіл, якія неадкладна падмацоўваюцца адпаведнымі ўзброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы ні ад каго ніколі не хавалі і не хаваем, што ў мірны час порах трэба трымаць сухім».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?