Партал даследніцкай журналістыкі Belsled.org апублікаваў серыю матэрыялаў, якія крытычна аналізуюць афіцыйныя вынікі беларускіх выбараў, пачынаючы з 2006 года. Яны даводзяць, што афіцыйныя зацверджаныя звесткі ў прынцыпе немажлівыя, бо супярэчаць універсальным законам матэматыкі і логікі. Крытычны аналіз суправаджае дарэчная інфаграфіка. Апрача таго, партал размяшчае серыю артыкулаў, якія на яркіх прыкладах тлумачаць, якія чынам у Беларусі адбываюцца выбарчыя маніпуляцыі.

Анамальная статыстыка, на якую раней ніхто ці мала хто звяртаў увагу: з афіцыйных звестак вынікае, што на выбарах 2006 года ў большасці раёнаў Магілёўшчыны ніхто не аддаў голас «супраць усіх», а ў двух раёнах краіны гэты паказнік увогуле меншы за ноль! На тых самых выбарах як быццам толькі 22 чалавекі з 11 тысяч выбарцаў Хоцімскага раёна не ўзялі ўдзел у выбарах. Яўка — 99,8%, і гэта ў прымежным рэгіёне, дзе шмат хто з’язджае на заробкі ў суседнюю Расію!

Альбо іншыя дзівосы: падчас парламенцкіх выбараў-2012 у Гомелі на працягу дзвюх гадзінаў галасавання на ўчасткі нібыта прыйшлі 115 тысяч чалавек! Такой колькасці гараджан на вуліцах горада, бадай, не было ніколі ў гісторыі. Альбо надзвычай высокае галасаванне па месцы знаходжання, калі па некаторых раёнах Беларусі дома прагаласавала ледзь не палова ўсіх выбарцаў асноўнага дня. 

Нехта яшчэ верыць падлікам Лідзіі Ярмошынай?..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0