Служба бяспекі Украіны (СБУ) падрыхтавала дакумент аб забароне ўезду ва Украіну ўдзельнікаў «Еўрабачання» ад РФ Юліі Самойлавай. Пра гэта паведамляе 112.ua са спасылкай на «Інтэрфакс-Украіна».

Фота: Максім Лі / Першы канал

Фота: Максім Лі / Першы канал

«На гэтую хвіліну рашэнне аб забароне ўезду яшчэ не прынятае, але адкрыю таямніцу — адпаведны дакумент ужо падрыхтаваны», — заявіў кіраўнік СБУ Васіль Грыцак, адказваючы на адпаведнае пытанне журналістаў.

«Закон павінен быць адзін для ўсіх. Яна не проста наведала Крым, яна яшчэ пакінула сляды ў сацсетках, дзе яна выказвалася наконт Украіны і ўлады, і ўзятага курсу на еўраатлантычную інтэграцыю. Мая пазіцыя выразная. Я лічу, яна не павінна прыязджаць ва Украіну», — дадаў ён.

Грыцак таксама паведаміў, што канчатковае рашэнне па гэтым пытанні пакуль не прынятае. «У нас яшчэ ёсць шмат часу да мая», — адзначыў кіраўнік СБУ.

Пра ўдзел Юліі Самойлавай у музычным конкурсе ў Кіеве стала вядома 12 сакавіка. Спявачка была абраная «Першым каналам». З дзяцінства выканаўца мае інваліднасць I групы і перасоўваецца ў інвалідным вазку.

У аўторак, 14 сакавіка, саветнік кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка прапанаваў затрымаць Самойлаву. Сваю ініцыятыву ён патлумачыў тым, што ў 2015 годзе расіянка выступала на канцэрце ў Крыме. На паўвостраў, паводле інфармацыі дарадцы кіраўніка МУС, спявачка заехала з боку Расіі, чым парушыла ўкраінскае заканадаўства.

Каментуючы гэтую інфармацыю, выканаўчы дырэктар «Еўрабачання» Ён Ола Санд заявіў, што рашэнне аб удзеле ў конкурсе Юліі Самойлавай павінен прыняць Кіеў.

«Мы поўнасцю паважаем і разумеем законы Украіны, але з боку Еўрапейскага вяшчальнага саюза ў нас няма ніякіх пярэчанняў да расійскай дэлегацыі і не бачым парушэнняў з іх боку. Мы хочам, каб усе краіны прымалі ўдзел, але гэта рашэнне ўкраінскай улады, і мы будзем яго паважаць», — падкрэсліў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?