Хойніцкі раённы суд 21 сакавіка пакараў адміністрацыйным штрафам у памеры 10 базавых велічыняў (230 рублёў) мясцовага жыхара Максіма Максіменку за рэпост відэасюжэту з суполкі «Ўкантакце» пад назвай «Рэвалюцыйнае дзеяньне». Тое было ў сьнежні 2015 году, а адміністрацыйны пратакол у дачыненьні да Максіменкі міліцыя склала сёлета на пачатку сакавіка.

«Судзьдзя, малады такі юрыст, патлумачыў, што ніяк ня можа мяне вызваліць ад адказнасьці, бо першасны матэрыял паступіў з КДБ. Калі б я выдаліў гэты відэасюжэт своечасова са сваёй старонкі, то ніякай справы не было б. А то пад ім было чатыры камэнтары і адзін рэпост. Выглядае, што я спрычыніўся да распаўсюду матэрыялаў пад назвай «Рэвалюцыйнае дзеяньне», — кажа аштрафаваны Максіменка.

У Максіма ёсьць дзесяць дзён, каб абскардзіць пастанову суду на штраф за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Згаданая анархісцкая суполка і яе паведамленьні занесеныя ў сьпіс экстрэмісцкіх у 2016 годзе і заблякаваныя для доступу ў Беларусі.

Максіму Максіменку 26 гадоў, ён тэхнік-мэханік. Працы ў Хойніках не знайшоў, езьдзіць у Мазыр, дзе робіць грузчыкам. А ў выходныя выпраўляецца зь сябрамі ў Гомель — пагуляць у хакей у лядовым палацы. Максім кажа, што даўно забыўся пра відэасюжэт, за які яго цяпер аштрафавалі.

Гэта ўжо другая за сакавік адміністрацыйная справа, якую міліцыя заводзіць за рэпост відэасюжэту з суполкі «Ўкантакце», якая называецца «Рэвалюцыйнае дзеяньне». 8 сакавіка аналягічную справу распачалі супраць інваліда першай групы Аляксандра Рабца зь мястэчка Парычы Сьветлагорскага раёну. Той таксама зрабіў рэпост згаданага відэасюжэту з суполкі «Ўкантакце».

«Участковы склаў на мяне адміністрацыйны пратакол таксама за распаўсюд матэрыялаў экстрэмісцкага зьместу. Гэта ўсё, што мне вядома на сёньняшні дзень. Больш мяне ніхто нікуды не выклікаў», — сказаў інвалід Рабец.

Наколькі вядома, відэа, за якое цяпер перасьледуюць жыхароў рэгіёну, было пра акцыю анархістаў у Гомелі: на выездах з гораду яны вывешвалі плякаты з надпісамі: «У новы год з новымі падаткамі», «Падаткі. Беспрацоўе. Павышэньне коштаў. З Новым Годам».

15 сакавіка пасьля дазволенай гарадзкімі ўладамі акцыі пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3 у Менску гвалтоўна затрымалі анархістаў, якія бралі ў ёй удзел.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0