Суд аштрафаваў на 20 базавых велічыняў (700 тысяч рублёў) 8-ы і Першы музычны каналы за парушэньне закона «Аб рэкламе». Нагадаем, з позвай у суд зьвярнулася Міністэрства гандлю.Тэлеканалы абвінавацілі ў тым, што гучнасьць рэклямы перавышае гучнасьць іншых праграм.

Як паведаміла намесьнік начальніка ўпраўленьня абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэклямай Мінгандлю Вольга Краўцова, рашэньнем суда яны задаволеныя, паколькі галоўным было пацьвердзіць факт парушэньняў, а не сума штрафу.

Паводле яе слоў, цяпер рыхтуюцца пратаколы ў дачыненьні да АНТ, СТВ, НТВ-Беларусь і РТР-Беларусь. Неўзабаве яны будуць перададзеныя ў суд. Як адзначыла Краўцова, самае высокае перавышэньне гучнасьці было на АНТ — больш за 3 дэцыбелы.

Тым часам на АНТ адмаўляюць факты перавышэньня гучнасьці і, нягледзячы на тое, што ўжо аштрафаваныя 2 тэлеканалы, пакуль нічога зьмяняць не зьбіраюцца. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар тэлеканала Аліна Праваторава.

Аліна Праваторава: «Пакуль тэлеканал працуе ў ранейшым рэжыме, нічога не зьмяняецца, таму што няма прычынаў для таго, каб нешта мяняць. Ніякіх заяў, ніякіх зваротаў — нічога мы не атрымлівалі. Эфірныя выпускаючыя кажуць, што ў нас узровень гуку адпавядае нормам, закладзеным у законе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?