Зьвязаныя з вучобай праблемы ў першакурсьніка гістарычнага факультэту БДУ Юрася Лукашэвіча ўпершыню зьявіліся пасьля інтэрвію Свабодзе. Апошняй кропкай стаў пратакол за ўдзел у абароне Курапатаў.

«Пасьля першай сэсіі ў мяне застаўся «хвост», была пераздача лацінскай мовы. Стварылі камісію, я здаваў іспыт не на сваім факультэце, а на філялягічным. Пераздаў, атрымаў адзнаку, і сэсія была закрытая. Акурат перад гэтым я даў інтэрвію Свабодзе, дзе расказаў пра сваю палітычную дзейнасьць у «Моладзі БНФ». Тады намесьніца дэкана Лілія Бярэйшык стала зьвяртаць на мяне ўвагу, казала, што я атрымліваю замежныя гранты, раздаю шмат інтэрвію», — сказаў Лукашэвіч.

Пасьля таго, як першая сэсія была пасьпяхова здадзеная, актывіст вырашыў узяць акадэмічны адпачынак — былі праблемы ў сям’і, унівэрсытэт ня даў інтэрнату, не было магчымасьці ў час заплаціць за навучаньне і здымную кватэру. Хлопец падаў заяву пра «акадэмку», але, не дачакаўшыся адказу, даведаўся, што мае ажно дзьве вымовы: адну за пропускі, другую на падставе пратаколу зь міліцыі за ўдзел у абароне Курапатаў.

Аб пратаколе на факультэт паведаміла міліцыя. Ён быў складзены 23 лютага паводле часткі 3 артыкулу 23.34 КоАП («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў»). У ноч на 23 лютага адбыўся напад на лягер абаронцаў Курапатаў, Лукашэвіч знаходзіўся сярод іх. Пратакол склалі ў міліцыі, калі хлопец пісаў заяву аб нападзе. Не чакаючы суду, адміністрацыя факультэту вырашыла пакараць Лукашэвіча, аб’явіўшы вымову.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?