Менавіта такой Ніну Багінскую ведаюць многія.
Як з сапраўднай грамадзянкай сваёй краіны большасць з ёй ужо пазнаёмілася, але нам цікава было капнуць крыху глыбей і дазнацца пра яе жаночую сутнасць. Спецыяльна для чытачоў «НН» Ніна Багінская падзялілася сакрэтамі прыгажосці і здароўя.
Драўляныя рамкі засталіся яшчэ ад дзеда.
Дом 70-гадовай гаспадыні Ніны быццам сапраўдны музей. На сценах — мноства фотаздымкаў, шмат з іх яшчэ дарэвалюцыйныя, з якіх на гасцей крыху з гонарам глядзяць яе продкі. Драўляныя рамкі — справа рук дзеда па бацькавай лініі, Васіля Яромчанкі: ён працаваў майстрам па мэблі. Рукасты дзед таксама зрабіў стол з люстэркам, які і зараз выдатна выконвае свае функцыі ў пакоі. Тое, што тут шануюць гісторыю, бачна не толькі па захаваных рэчах. Спадарыня Ніна на зубок ведае падрабязнасці жыцця сваіх родных.
Коўдра шылася са старых гальштукаў, халатаў і іншых рэчаў.
Імянныя ручнікі ёсць у кожнага члена сям'і.
Старэйшая сястра Ніны Галіна нарадзілася яшчэ ў Слуцку, а яна разам з пагодкай Натай ужо ў пасляваенным Мінску: бацька Рыгор быў добрым будаўніком, працоўных рук у сталіцы не хапала, таму сям’і прапанавалі пераехаць.
«Бацька карміў чатырох жанчын, нялёгка яму было. Нам пашанцавала, што нейкі час яму выпісвалі тканіну на паліто, і з гэтага маці рабіла адзенне нам. З бабуліных сукенак шылі новыя ўборы, са старых бацькавых штаноў — спадніцы. Пазней нейкія рэчы па талонах можна было набыць у краме «Торгсин». Для маёй сястры там нават выкапалі амерыканскае паліто. Што тычыцца абутку, то тут больш спадзяваліся на сяброў ці родных з-за мяжы. Але доўгі час мы ганялі ў звычайных валёнках з галёшамі ці ў бурках. Як вы маглі зразумець, у нас шмат рабілі сваімі рукамі. І я вельмі рада, што таксама ў свой час скончыла ткацкія і кравецкія курсы».
Фотаздымак са студэнцкіх часоў.
«Гэта мой штодзённы гарадскі строй. Прычым кашулю насіў яшчэ нябожчык муж Анатоль: я прафесійна займалася веласпортам, а ён быў маім трэнерам. Мне падабаюцца такія доўгія фальклорныя спадніцы з геаметрычным узорам, прычым не толькі на мне, але і на моладзі. Яшчэ да ўлюбёных рэчаў можна аднесці вышыванкі і ўвогуле ўсё натуральнае, звычайнае».
«Унучка кажа, што я не сучасная і старарэжымная. Паверце, я магу хадзіць і ў шортах, аднак трэба, каб рэчы адпавядалі ўзросту, мне здаецца».
Спадарыня Ніна з мужам.
«Камізэльку спляла сама: тут змешчаны арнамент з сімвалам сонца і сталасці. Спадніца пашытая пад канец 70-х гадоў, яна мянялася разам з модай: спачатку была міні, потым мідзі і, нарэшце, максі. Да кожнай з такіх у мяне прадугледжаны асаблівы пояс. Кашуля пакупная — падарунак ад маёй свякрухі. Гадзіннік на руках — вытворчасці «Луч», у мяне раней быў іншы, з выявай «Пагоні», але, на жаль, зламаўся, і адрамантаваць яго ўжо нельга было».
«Мяне не цягне да новых рэчаў: пакуль старыя выконваюць свае функцыі, навошта нешта яшчэ? Я такі вечны падлетак, не сфармаваны па традыцыйным жаночым тыпе».
«Сукенка ў кветкі — мая любімая, з кітайскай ці японскай тканіны, ужо і не прыгадаю. Яе дызайн я самастойна прыдумала ў пачатку 90-х гадоў: у камплект да сукенкі ідзе паясок і кветка-брошка. У такой добра хадзіць на спатканні, але я сама больш вучыцца ўвесь час хацела, а не з хлопцамі гуляць».
«Чорна-чырвоны ўбор рабіла адмыслова на баль-маскарад у інстытуце, дзе я працавала геолагам. Да яго ішлі таксама чорныя туфлі на абцасах. З павязкай у алімпійскія кольцы я спрабавала перадаць вобраз факела. Варта дадаць, што першае месца за касцюм тады аддалі мне».
«Гэты жакет каштоўны тым, што рабіўся спецыяльна да паездкі ў Сухумі, куды я ехала разам з іншымі веласпартсменамі. У кішэні тут яшчэ павінна быць белая насоўка. Як ні дзіўна: яго зараз можа апрануць і мая ўнучка, гэтакае рэтра».
Парады ад спадарыні Ніны маладым дзяўчатам
-
Заўсёды рабіце фізічныя практыкаванні, нават калі нешта баліць ці вы хварэеце. Я для сябе абрала сістэму здароўя Нішы. Хаця б у ляжачай паставе, на падлозе ці ложку. Паціху трэба сябе прымушаць рухацца, не ленавацца. Пенсіянеры, якія не выходзяць з дому, самі абралі такі пасрэдны шлях існавання.
-
Спіце на цвёрдым: мой ложак — гэта драўляны шчыт, які стаіць на пяньках.
-
Не злоўжывайце касметыкай і мылам — ад іх псуецца і старыцца скура. У маладосці я таксама малявала бровы і стрэлкі на вачах. Ад гэтага мяне аднойчы адгаварыла знаёмая сяброўка-касметолаг, і вось ужо шмат гадоў я гэтага не раблю.
-
Есці і піць ваду трэба павольна. Менш бегайце да лекараў і замест таблетак ужывайце больш прыроднага: траўку, садавіну.
-
Чалавек павінен быць спакойным: кантралюйце свае эмоцыі. Калі нешта бурліць унутры — з’ешце марожанае, напрыклад, расслабцеся.