Суд Чыгуначнага раёна разгледзеў адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя ў дачыненні да блогера Арцёма Шапарова і актывіста АГП Мікалая Пяшко, паведамляе Tut.by.

Іх абвінавачвалі ў распаўсюдзе інфармацыі аб маючым адбыцца ў Гомелі «Маршы недармаедаў», што падпадае пад артыкул 23.34 КаАПп (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства).

Суддзя Яраслаў Парэнскі пакараў блогера за рэпост у Facebook паведамленняў аб маршы арыштам на восем сутак.

— Мая віна ў судзе не была даказаная, усе мае хадайніцтвы былі адхіленыя. Суд вынес рашэнне неабгрунтавана, — пракаментаваў прысуд Арцём Шапароў.

На сем сутак арышту адпраўлены Мікалай Пяшко — рашэнне прыняў суддзя Аляксей Хлашчанкоў за заклікі і рэпост інфармацыі ў сацсетках аб маючым адбыцца маршы. Пяшко заявіў у судзе, што дадзенае рашэнне — рэпрэсіўнае і людзі маюць права на мірны сход.

— Я не раб і не магу дазволіць, каб з маіх сяброў і сваякоў рабілі рабоў, — падкрэсліў актывіст АГП.

Стала таксама вядома, што 24 сакавіка суд Савецкага раёна Гомеля арыштаваў на трое сутак праваабаронца, сябра БХК Алеся Яўсеенку. Раніцай ён накіроўваўся на суд над затрыманымі актывістамі і знік. Пазней аказалася, што яго затрымаў АМАП каля дома. Яўсеенку інкрымінавалі дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0