Выстаўка «Ван Дэйк і ягоная эпоха» адкрыецца 30 ліпеня ў Авальнай зале Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Як паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчык мастацкага аддзела музея Святлана Янчалоўская, у экспазіцыі будуць прадстаўлены 30 гравюр знакамітага фламандскага мастака Антоніса ван Дэйка (1599-1641). Вучань Рубенса, галоўны прыдворны жывапісец англійскага караля Карла І, ван Дэйк, які хутка зрабіў кар'еру і здабыў славу перш за ўсё сваімі жывапіснымі параднымі партрэтамі, спрабаваў сябе і ў гравюры. Музей прадэманструе гравюры-партрэты, на якіх адлюстраваны сучасныя ван Дэйку мастакі, гравёры, скульптары, мецэнаты. Акрамя таго, на выстаўцы прадставяць і афорт мастака на рэлігійную тэму, а таксама работы на гэту ж тэму, выкананыя па малюнках Рубенса. Дапоўняць выстаўку арыгінальныя кнігі XVII стагоддзя і прадметы інтэр'ера той эпохі.

Зробленыя ў XVII стагоддзі афорты (металічныя пласціны-арыгіналы знаходзяцца ў Луўры) былі набыты музеем у прыватнага калекцыянера ў 2001 годзе. Больш за тры гады спатрэбілася, каб пацвердзіць іх сапраўднасць. У выніку шматлікіх даследаванняў спецыялістаў, а таксама на аснове спектраграфічнага аналізу, праведзенага Інстытутам малекулярнай і атамнай фізікі НАН Беларусі, было пацверджана, што гравюры выкананы на паперы XVII стагоддзя. Нямала часу спатрэбілася і для падрыхтоўкі разгорнутага этыкетажу экспазіцыі: складзена поўнае апісанне гравюры з максімальна поўнай інфармацыяй пра асобу адлюстраванага.

Выстаўка «Ван Дэйк і ягоная эпоха» ўжо з поспехам экспанавалася ў трох музеях Польшчы, а таксама ў Літве.

Галерэя графічных партрэтаў «Іканаграфія» стваралася ван Дэйкам з 1626 па 1633 год. Партрэты дзяліліся на тры групы: манархі і палкаводцы (16 партрэтаў), дзяржаўныя дзеячы і філосафы (12), мастакі і калекцыянеры (52). Адны малюнкі майстар выконваў з натуры, другія - з партрэтаў, напісаных ім самім або іншымі мастакамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?