Знойдзены больш як стагодзьдзе таму «атыкітэрскі мэханізм» працягвае прыносіць сюрпрызы. Цяпер на ім знойдзеныя прыстасаваньні для адсочваньня алімпійскіх цыкляў.
Гэты першы ў гісторыі чалавецтва кампутар у лепшыя часы ўяўляў сабой драўляную шафу з дужа складанай сыстэмай бронзавых шасьцяронак і прызначаўся для разьліку руху нябесных целаў.
Мэханізм быў знойдзены ў моры дужа спарахнелым, і цяпер вядуцца працы па ягоным сканаваньні, каб уявіць першапачатковы стан. У прыватнасьці, там ужо знойдзены 199‑гадовы каляндар з фазамі Сонца і Месяца, а таксама 18‑гадовы цыклічны паказьнік сонечных зацьменьняў.
І вось цяпер на ім знайшлі цыкль, зьвязаны з Алімпійскімі гульнямі.
Алімпійскія гульні вельмі старадаўнія. Паводле паданьняў, яны зьявіліся яшчэ ў часы нават ня Зэўса, а Кронаса. То бо зьвязаныя з архаічнымі земляробчымі вераваньнямі ці звычаямі. Не выпадкова яны праводзіліся ў першую поўню пасьля сьвята летняга сонцастаяньня.
Адкрыцьцё сталася магчымым дзякуючы найсучасьнейшым тэхналёгіям трохмернага сканаваньня, якія дазволілі «падзяліць» прыстасовак на 82 асобныя складнікі.
На адным зь іх знайшлі слова «Алімпія» і кругавую шкалу для разьліку часу правядзеньня ўсіх Панэлінскіх гульняў (звычайна яны праходзілі раз у год у розных месцах, але ў Алімпіі былі больш значнымі).
«Увогуле час правядзеньня гульняў ня мае нічога супольнага з астранамічнымі разьлікамі. Гэта відавочнае сьведчаньне таго, што прыбор выкарыстоўваўся ня толькі для «навуковых» назіраньняў, але і для сакральных мэтаў», — лічыцць удзельнік праекту Аляксандар Джонс (Alexander Jones) зь Ньюёрскага ўнівэрсытэту.
Яшчэ адной знаходкай навукоўцаў сталі назвы месяцаў, якія выкарыстоўваліся ў антычнасьці жыхарамі заходніх грэцкіх калёній, найперш Сыцыліі.
А менавіта ж там жыў Архімэд, адзін з «падазраваных» у стварэньні антыкітэрскага мэханізму — згагдка пра якуюсьці «машыну для разьліку руху плянэтаў», змайстраваную Архімэдам, ёсьць у Цыцэрона.
Аўтары знаходкі, зрэшты, ня вераць, што гэта быў ён сам, але мяркуюць, што хтосьці зь ягоных пасьлядоўнікаў верагодна мог зрабіць нешта гэткае.