Брама Кальварыі.

Брама Кальварыі.

Без такіх вусцішных легендаў не абыходзіцца ніводны цвінтар з гісторыяй. І найстарэйшыя ў Мінску Кальварыйскія могілкі — не выключэнне. Яны захаваліся, нягледзячы на ўсе разбурэнні і войны ХХ стагоддзя. Сёння гэта не толькі месца смутку, але і помнік архітэктуры сусветнага значэння. 

Слова «Calvaria» мае лацінскае паходжанне, азначае тое ж, што і Галгофа — месца ўкрыжавання Хрыста. У перакладзе ж гэта лысы чэрап, альбо Лысая гара.

Згодна з паданнем, мінскай Кальварыі больш за 600 год. Але дакументальная гісторыя могілак пачынаецца ў 1745 годзе, калі на пагорку ў менскім наваколлі манахі-кармеліты збудавалі першы драўляны касцёл. Каля яго хавалі святароў, манахаў, шляхту. А ў 1796 годзе тут дазволілі хаваць і простых людзей.

З часам касцёл перастаў быць уласнасцю манаскага ордэну, зрабіўся парафіяльным. На Кальварыі збудавалі новы каменны храм Узвышэння Святога Крыжа, які мы бачым і сёння.

Фрэскі для святыні пісаў славуты мастак Ян Дамель, які апошнія гады жыцця правёў у Мінску. Ён і пахаваны ў крыпце Кальварыйскага касцёла.

Пасля Другой сусветнай вайны касцёл прастаяў зачыненым 35 год — людзі маліліся ля каплічак побач з касцёлам. Храм вярнулі вернікам толькі ў 1980 годзе, напярэдадні Алімпіяды ў Маскве.

Кажуць, што крыж Кальварыйскага касцёла раней упрыгожваў храм Святога Тамаша Аквінскага пры кляштары дамініканаў, што стаяў на цяперашняй Кастрычніцкай плошчы Мінска. Касцёл узарвалі ў 1950 годзе, калі ставілі на плошчы помнік Сталіну. А крыж вернікі захавалі, і ў 1980-м, калі аднаўлялася Кальварыя, аддалі туды.

Моцна пацярпелі ў ХХ стагоддзі і могілкі. У часы барацьбы з рэлігіяй з помнікаў збівалі крыжы, пазнейшыя рабаўнікі ламалі склепы, здымалі каваныя агароджы і помнікі з якаснага каменю.

Цудам ацалелыя крыжы.

Цудам ацалелыя крыжы.

У выніку непрадуманых дзеянняў адміністрацыі, калі ў сярэдзіне 1990-х на Кальварыі, закрытай для новых пахаванняў, зноў дазволілі купляць месцы, была знішчана «Аўстрыйская горка» (пахаванні салдат часоў Першай сусветнай вайны), пад бульдозер трапіла больш за 2000 старых пахаванняў, у тым ліку княжны Юзэфы Патоцкай.

Але ад 2001 новыя пахаванні былі цалкам спыненыя, а Кальварыйскія могілкі атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі як аб’ект міжнароднага значэння. Фактычна, сталі музеем пад адкрытым небам.

Архітэктура Кальварыі не абмяжоўваецца псеўдагатычным касцёлам. Варта звярнуць увагу і на класіцыстычную Браму, фундаваную сакратаром Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу Юрыем Кабылінскім у памяць аб сваёй жонцы, і шматлікія склепы, у якіх хавалі шляхту і святароў.

Склеп Вікевічаў (злева) і склеп намінат-біскупа Паўла Равы.

Склеп Вікевічаў (злева) і склеп намінат-біскупа Паўла Равы.

Найстарэйшы з помнікаў, што захаваліся, — чырвоны гранітны валун-піраміда сёстраў Юзэфы і Тэафіліі Амульскіх з 1808 года.

А ўвогуле на Кальварыі спачывае ўся каталіцкая эліта Мінску ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Апроч Яна Дамеля, тут можна пакланіцца памяці Яна-Баляслава Луцкевіча, бацькі нашаніўцаў Антона і Івана Луцкевічаў, паэта Янкі Лучыны, выдаўца Вацлава Іваноўскага.

Цяжка злічыць славутыя імёны — тут хавалі Ваньковічаў, Вайніловічаў, Неслухоўскіх, Дарэўскіх-Вярыгаў, Пішчалаў, Радзівілаў, Панятоўскіх… Таксама тут ляжаць напалеонаўскія жаўнеры 1812 года, аўстрыйскія салдаты часоў Першай сусветнай, жаўнеры Пілсудскага 1919—1920 г., ахвяры сталінскіх рэпрэсій, яўрэі з мінскага гета, савецкія салдаты, ахвяры трагедыі на Нямізе 1999 года…

Сямейнае пахаванне Камоцкіх.

Сямейнае пахаванне Камоцкіх.

Помнік жонцы стацкага дарадцы (злева) і помнік пляменніцы Адама Міцкевіча Марыі.

Помнік жонцы стацкага дарадцы (злева) і помнік пляменніцы Адама Міцкевіча Марыі.

Сучасная плошча могілак — 14 гектараў, на іх больш як 30 тысяч пахаванняў. На старой Кальварыі, не горш, чым у музеі ці бібліятэцы, можна вывучаць культуру і стыль мінулых стагоддзяў, гісторыю роднага горада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?