



Сотні, а можа быць і тысячы людзей затрыманыя ў Мінску. Затрыманні былі пастаўленыя на канвеер. Хапун адбываўся з усіх бакоў на подступах да Акадэміі навук, у раёне плошчы Якуба Коласа, вуліцы Казлова, на праспекце Машэрава, у раёнах вуліц Сурганава, Кузьмы Чорнага, плошчы Калініна.
Людзям не давалі сабрацца, цягнулі кожнага, хто меў плакат ці сцяг.

Тым не менш, некалькі тысяч чалавек сканцэнтраваліся ў раёне плошчы Якуба Коласа. Яны рушылі ў бок цэнтра.

Людзей атачылі і хапалі там.
Пратэстоўцы не аказвалі супраціўлення. Яны пратэставалі проста самім фактам выхаду на вуліцу.
Пакуль цяжка ацаніць агульную колькасць затрыманых. Але гаворка ідзе пра сотні людзей.
Карэспандэнты «Нашай Нівы» сталі сведкамі затрыманняў не менш за 150 чалавек у раёне завода «Белвар», 50 чалавек — каля «Электрасілы», яшчэ 50 — каля крамы «Крышталь» на праспекце Машэрава.

На разгон мірнай дэманстрацыі, дакладней, на тое, каб яна не адбылася былі скіраваныя тысячы супрацоўнікаў праваахоўных органаў, сотні адзінак тэхнікі.



Затрыманыя за відэаздымку затрыманняў у адным з двароў на вуліцы Кузьмы Чорнага карэспандэнты «Нашай Нівы» паведамляюць, што ў адным Заводскім РУУС яны бачылі прыкладна сотню затрыманых. Ім удалося зняць некалькі кадраў: жыхары Мінска выстраеныя ў шэрагі каля мура.
РУУСаў у Мінску 8, частку затрыманых таксама адразу завозіць у ізалятары на Акрэсціна і ў Жодзіна.

Што сёння ўражвала, дык гэта ўпартасць маніфестантаў. нават калі стала ясна, што гэта жорсткі хапун, тысячы людзей заставаліся на вуліцах.

У той жа дзень сотні людзей выйшлі на Дзень Волі ў Брэсце, Гродне, Гомелі.


Каментары