Падчас начной пагоні дзясятак экіпажаў ДАІ не мог спыніць БМВ з п'янымі маладзёнамі. Падрабязнасці інцыдэнту распавёў «Нашай Ніве» Сяргей Заранік, начальнік аддзела агітацыі і прапаганды мінскага ДАІ.

 «Усё пачалося з таго, што на дарозе супрацоўнікі ДАІ заўважылі БМВ, які каля 2 гадзіны ночы ехаў па Прытыцкага з відавочным перавышэннем хуткасці. Яны ўключылі маячкі і сірэну на службовай машыне, па гучнай сувязі хацелі спыніць машыну. Кіроўца патрабаванне не выканаў, - расказаў Заранік. — За стырном была дзяўчына, 19 гадоў. На пасажырскім месцы — 17-гадовы хлопец».

Пачалася пагоня. Падчас руху парачка памянялася месцамі — цяпер аўто вёў 17-гадовы хлопец.

Відавочцы казалі, што ў выніку за БМВ ехала 14 міліцэйскіх машын, у ДАІ называюць лічбу ў 9-10.

«За горадам была страляніна. Хацелі спыніць БМВ, стралялі па колах, але не дало выніку, бо калі экіпаж ДАІ ехаў побач, каб было зручна страляць у пакрышкі, кіроўца намагаўся збіць службовую машыну. А пасля БМВ ізноў уехаў у горад, а ў горадзе мы не страляем», - патлумачыў Заранік.

Такім чынам, БМВ памяў дзве машыны даішнікаў.

У выніку парачка на БМВ спынілася «сама» — кіроўца не справіўся і ўехаў у бардзюрны камень, збіўшы дарожны знак, які разбіў лабавое шкло машыны.

«Чуткі, што даішнікі падбілі машыну сваёй — безпадстаўныя. Хацелі б падбіць, то падбілі б яшчэ за горадам. Кіроўца сам пры павароце не справіўся з машынай».

Па словах Зараніка, і хлопец, і дзяўчына мінчукі. Машына належала бацькам аднаго з іх.

Хлопец быў цвярозы. Дзяўчына — у стане алкагольнага ап’янення, у крыві знайшлі 0,74 праміле. Цяпер яны затрыманыя, распачата больш за 10 адміністратыўных матэрыялаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?