Па падліках Ільі Александровіча, апынуцца на волі ён павінен быў толькі ў пятніцу. Але сёння, у аўторак, каля 11-й раніцы яму паведамілі: «Мы цябе выпускаем».

У мінулы панядзелак на дзіцячай пляцоўцы ў вёсцы Каралёва Уздзенскага раёна паміж мясцовым жыхаром Іллёй Александровічам і старшынёй Уздзенскага райвыканкама Сяргеем Ляўковічам узнік канфлікт. На заўтра Іллю выклікалі ў РАУС, адтуль — у суд. За дробнае хуліганства мужчыну адправілі на дзесяць сутак у ізалятар. І ён, і ягоная жонка Вольга не разумеюць за што: «Ён не грубіў і нецэнзурна не выказваўся». Па словах старшыні райвыканкама, Ілля паводзіў сябе задзірліва. Сяргея Ляўковіча гэта абразіла, і як фізічная асоба ён звярнуўся ў міліцыю.

Мы звязаліся з Іллёй, калі ён вяртаўся з РАУС дадому.

— Я і сам не разумею, што адбылося, — не хавае эмоцый ён. — Каля 11 дня мне паведамілі: «Збірай рэчы, мы цябе выпускаем». Растлумачылі, маўляў, скарацілі тэрмін да сямі сутак. Як, чаму, толкам не патлумачылі. Адзінае, ніякіх дакументаў мне на рукі не далі.

Пасля інцыдэнту на дзіцячай пляцоўцы Ілля абскардзіў рашэнне суда Уздзенскага раёна ў абласным судзе.

— Мінскі абласны суд сёння разгледзеў скаргу на пастанову суда Уздзенскага раёна, — каментуе сітуацыю Зарана Жукоўская, афіцыйны прадстаўнік суда. — У выніку пастанову раённага суда змянілі і прызначылі сем сутак арышту.

Але ставіць кропку ў гэтай гісторыі сям'і Александровіча пакуль не збіраюцца.

— Я буду дамагацца, каб мне патлумачылі, за што мяне затрымалі, — кажа Ілля. — Хачу зразумець, чаму мне не прыйшла позва ў міліцыю і чаму не дапыталі ў якасці сведкі нашага суседа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?