Канцлер Аўстрыі Крысціян Керн мае намер напісаць ліст у Еўракамісію з тлумачэннем, чаму рэспубліка не хоча ўдзельнічаць у праграме Еўрасаюза па размеркаванні бежанцаў. Пра гэта паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на APA.

Як заявіў Керн пасля пасяджэння кабінета міністраў, Аўстрыя абавязалася прыняць з Грэцыі і Італіі амаль дзве тысячы бежанцаў па праграме размеркавання ЕС, але краіна і без таго выканала гэтую норму з-за патоку нелегальнай міграцыі.

«Мы лічым, што для Аўстрыі трэба зрабіць выключэнне, таму што мы ўжо выканалі свае абавязацельствы. Гэтае пытанне абмяркуем з Еўрапейскай камісіяй і адправім ім ліст як мага хутчэй», — сказаў Керн.

Раней міністр абароны і спорту Аўстрыі Ханс Петэр Даскоціл заявіў, што Вена павінна выйсці з праграмы ЕС па размяшчэнні бежанцаў з Блізкага Усходу і Афрыкі. На думку кіраўніка ведамства, рэспубліка перавыканала свой план у рамках праграмы. «Я лічу, што Аўстрыя ўжо ўнесла дастатковы гуманітарны ўклад», — сказаў міністр.

Міністр таксама звярнуў увагу, што за апошнія два гады Аўстрыя прыняла большую колькасць заяў на прытулак, чым Італія. Так, у рэспубліцы на 1 млн жыхароў прыйшлося 4587 заяў, а ў Італіі ўсяго 1998 заяў. Ён таксама паскардзіўся, што ў 2015 годзе рашэнне аб размеркаванні бежанцаў прымалася пры ўмове захавання салідарнасці і раўнапраўных квот на бежанцаў у рамках ЕС, але ніхто не прытрымліваецца гэтага прынцыпу.

У 2016 годзе міграцыйная служба Аўстрыі дапусціла да працэдуры разгляду заяў на атрыманне статусу бежанца амаль 36 тысяч чалавек. Урадам быў усталяваны ліміт у 37, 5 тысячы заяў, пры перавышэнні якога меркавалася закрыць мяжу і пачаць дэпартацыю бежанцаў па спрошчанай працэдуры. У цяперашні час улады еўрапейскіх краін вядуць строгі кантроль на сваіх межах і займаюцца вырашэннем пытання аб размеркаванні паміж сабой бежанцаў па квотах, устаноўленых Еўракамісіяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0