28.03.2017 / 17:21

У Гродне з’явілася таксі «Выдатнае» — з беларускай мовай і вышыванкамі на машынах 16

Стваральнікі новага гродзенскага таксі «Выдатнае» звярнуліся да нацыянальных матываў: аўтамабілі абклееныя узорамі з вышыванак, а дыспетчары размаўляюць на беларускай мове, піша Hrodna.life cа спасылкай на Autogrodno.by.

Усе аўтамабілі перавозчыка абклееныя рознымі арнаментамі. Кожны арнамент нясе ў сабе сэнс. Да прыкладу, знак на фота ніжэй азначае «багацце».

Гэтыя машыны раней працавалі ў іншай буйной гродзенскай фірме таксі, ды і ўладальнік «Выдатнага» Аляксей Белакурскі на гэтым рынку з 2012 года.

— З нас ужо жартуюць, што ў багажніку мы возім бульбу, а пасажыраў частуем дранікамі. Магчыма, так і будзе. А пакуль імкнёмся падтрымліваць гутаркі з пасажырамі на беларускай мове, калі кліент не супраць, вядома, — распавядае Аляксей.

Дыспетчаркі ў службе — беларускамоўныя.

— Перад наборам дзяўчат для працы ў дыспетчарскай мы ўсіх жадаючых папярэджвалі, што размаўляць трэба будзе на роднай мове. Мы прыемна здзіўленыя, дзяўчыны пазітыўна ўспрынялі наша пажаданне, — кажа Аляксей.

Дыспетчарка Юлія распавяла, што калі пачала прымаць заказы на беларускай мове, некаторыя гродзенцы ад нечаканасці пачыналі пасмейвацца і казаць, як гэта выдатна. Былі выпадкі, калі людзі пачыналі размаўляць на рускай, а потым мімаволі пераходзілі на беларускую і працягвалі так, як быццам размаўляюць на роднай мове штодня. Але часцей размова з таго боку тэлефона адбываецца на рускай, толькі ў канцы гродзенцы дадаюць «Дзякуй» альбо «Чакаю».

— За гэты тыдзень толькі адна жанчына папрасіла размаўляць на рускай, а адзін хлопец не зразумеў, што значыць «Чакайце 5-7 хвiлiн». Але наогул, рэакцыя пазітыўная і прэтэнзій не было. Ствараецца ўражанне, што гродзенцам падабаецца. Часам нават кіроўцы паведамляюць, што падчас паездкі пасажыры размаўлялі з імі на беларускай. Мы стараемся ўдасканальваць мову нашых кіроўцаў. Па рацыі гаворым з імі на беларускай, — патлумачыла Юлія.

Іншыя падрабязнасці пра новую службу таксі можна знайсці па спасылках вышэй. 

3
Васіль. / Адказаць
28.03.2017 / 17:32
Малайцы Гарадзенцы. Без прымусу, спакойна і ўзважана.Бо любяць свае.
3
Карысны выкапень / Адказаць
28.03.2017 / 18:13
Трэ i у iншых гарадох каб так было, свайго клiента знойдуць
4
Ліцьвін / Адказаць
28.03.2017 / 18:18
Таксоўка "Выдатнае" - выдатная навіна! :-)
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру