Пасля затрымання 25 сакавіка АМАПам Валера Шчукіна даставілі з гіпертанічным крызам у вайсковы шпіталь. Шлях у медычную ўстанову афіцэра ў адстаўцы і былога дэпутата Вярхоўнага Савета пачаўся з затрымання каля 14-й гадзіны на плошчы Калініна.

Па словах Шчукіна, у той момант на пляцы побач з помнікам савецкаму дзеячу знаходзілася каля 100 чалавек. Незалежна ад таго, ці збіраліся прысутныя ў той дзень на акцыю, прысвечаную 99-м угодкам абвяшчэння БНР, іх бязлітасна затрымлівалі. АМАП заводзіў людзей не ў аўтазак, а ў звычайны рэйсавы гарадскі аўтобус «МАЗ».

«Я, як і многія іншыя людзі, на плошчы не рабіў нічога супрацьзаконнага, проста быў на вуліцы. Канечне, я скіроўваўся да кінатэатра «Кастрычнік», дзе мусіла адбыцца акцыя, але нават не дайшоў. На ўсіх, хто падыходзіў да плошчы Калініна, наляталі АМАПаўцы, скручвалі і вялі ў аўтобус. Падляцелі і да мяне, я ісці адмовіўся, бо не разумеў прычыны іх цікаўнасці да мяне, яны нічога не тлумачылі, білі і забіралі», — гаворыць Валер Шчукін.

У выніку адстаўнога афіцэра павалілі на зямлю і ўчатырох цягнулі па зямлі. Праўда, спачатку, для пэўнасці, ударылі гумовым дручком па назе.

«Цягнулі так, што сапсавалі боты, моцна забрудзілі і разадралі вопратку, і пры гэтым нічога нават не тлумачылі. Абсалютна нічога! Што і чаму?! На нагу я пасля ўдару больш за тры гадзіны наступіць не мог нават, і след ад дручка застаўся».

Валер Шчукін сцвярджае, што ўжо ў аўтобусе на некаторых людзей, якія выказвалі нязгоду з затрыманнем ці проста задавалі пытанні, аказваўся ціск. Спецназаўцы наўпрост выкручвалі рукі і апраналі кайданкі на кожнага, хто адмаўляўся маўчаць. Шчукіна, магчыма, з-за ўзросту не чапалі. Затрыманых даставілі ў Заводскі РУУС.

«Усіх арыштаваных, незалежна, дзяўчат ці хлапцоў, старых ці маладых, прымушалі стаяць тварам да сцяны каля будынка РУУС. Людзі некаторыя так каля трох гадзін трымаліся. Я так стаяць не мог і адразу сеў на бетон. На халодны і брудны бетон, бо не мог стаяць і не хацеў. Што гэта за парадкі такія, калі людзям не тлумачаць прычыны затрымання і яшчэ так здзекуюцца? Так прасядзеў каля трох гадзін».

Пасля трохгадзіннага знаходжання пад сценамі РУУС затрыманых завялі ў падвал міліцэйскай установы. Шчукін упэўнены, што іх вялі два паверхі пад зямлю, дзе пахла будаўнічымі працамі і фарбай. У падвале на ўсіх складаліся пратаколы.

«Я падпісваць паперы і размаўляць з міліцыянтамі адмаўляўся, бо не здзяйсняў ніякіх парушэнняў. Але яны і без маіх слоў і подпісаў склалі нейкія паперы, якія я так і не пабачыў. Нехта выклікаў хуткую дапамогу. Медыкі высветлілі, што ў мяне гіпертанічны крыз і ціск 210/100, і забралі ў шпіталь.

«Ужо там, пасля таго, як мне аказалі дапамогу, я аформіў зварот у пракуратуру і адпаведныя органы па факце збіцця і неправамоцным ужыванні сілы з боку супрацоўнікаў міліцыі. Стан цяпер ужо нармальны, праўда, нага дагэтуль баліць і нагадвае пра затрыманне. След і шнар невялікі застаўся. Добра той АМАПавец прыклаўся, прафесіянал, відаць. Праўда, вельмі стамляюся яшчэ нават ад шпацыраў па тэрыторыі. Вось як пасля такіх дзеянняў можна любіць гэтую ўладу? І гэта ж не я адзін у такой сітуацыі аказаўся, але і маладыя хлопцы і дзяўчаты», — падсумаваў Валер Шчукін.

Адстаўны афіцэр Шчукін знаходзіцца цяпер на стацыянарным лекаванні ў Галоўным вайсковым шпіталі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?