Аляксандр Зімніцкі стаў 27-м затрыманым па так званай «справе баевікоў». 28 сакавіка родныя згубілі з ім сувязь. Пазней стала вядома, што ён затрыманы, абвінавачанні яму не выстаўленыя.
Родам з Докшыцкага раёна
Мама Аляксандра Зімніцкага там працавала нянечкай. Раскошы не ведаў, падчас вучобы зарабляў сабе на жыццё, падпрацоўваючы грузчыкам. Быў звычайным хлопцам, кажуць ягоныя аднакласнікі і аднагрупнікі.
Гісторык, супрацоўнік музея
Аляксандр Зімніцкі — выпускнік гістфака БДУ, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея. На працы вельмі здзівіліся, калі пачулі такую навіну: «Ён яшчэ ўчора быў на працы, нас ніхто пра гэта не інфармаваў», — піша Еўрарадыё.
Стараста групы
Аляксандр Зімніцкі вучыўся на беларускамоўнай плыні гістарычнага факультэта, быў старастам групы. Браў удзел ва ўніверсітэцкіх мерапрыемствах, выступаў на канцэртах, добра вучыўся. Пасля вучобы атрымаў размеркаванне ў Нацыянальны гістарычны музей.
Аспірант Інстытута вышэйшай школы
Паралельна Аляксандр вучыцца ў аспірантуры Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.
«У яго здольнасці да навуковай працы. З гэтага пункту гледжання ён нас цалкам задавальняў. Ён выконваў індывідуальны план, меў добрыя водгукі ад свайго навуковага кіраўніка. Яго навуковая тэма — пачатак дзяржаўнасці, дружынны тып кіравання старажытных князёў», — апісваюць Аляксандра Зімніцкага на кафедры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы.
Застаецца незразумелым, як 25-гадовы гісторык можа быць звязаны з «Белым легіёнам», бо гэтая арганізацыя прыпыніла сваё існаванне ў час калі ён яшчэ вучыўся ў малодшай школе. Пры ператрусе ў Аляксандра быў канфіскаваны пнеўматычны пісталет (мець іх дазволена).
Цікавіўся вайсковай справай
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Зімніцкі мог таксама ўдзельнічаць у вайскова-патрыятычных летніках, бо, у прынцыпе, цікавіўся вайсковай справай і быў фізічна дужым хлопцам.