Расейскае МЗС накіравала ўраду прапановы, датычныя працы новай структуры пры зьнешнепалітычным ведамстве — фэдэральнага агенцтва па справах СНД. Прадстаўнік МЗСу Валеры Міхайлаў заявіў «Коммерсанту», што агенцтва закліканае ўзмацніць расейскую палітыку ў СНД за кошт шэрагу «практычных праектаў, якія раней не было магчымасьці ажыцьцяўляць».

Між тым, «блізкая да Крамлю крыніца», на якую спасылаецца выданьне, адзначыла, што новае ведамства, у адпаведнасьці са сваёй спэцыфікай, будзе працаваць незалежна ад палітычнай сытуацыі. «Якімі б ні былі нашы адносіны з той ці іншай краінай, гэтая ведамства будзе рабіць сваю справу, — растлумачыў ён. — Даваць стыпэндыі, забясьпечваць бібліятэкі расейскамоўнай літаратурай, працаваць зь няўрадавымі ўстановамі». «А прэзыдэнт і МЗС тым часам могуць ваяваць з суседзямі колькі ім заўгодна», — дадала крыніца.

Стварэньне фэдэральнага агенцтва па справах СНД прадугледжана ўказам прэзыдэнта РФ Дзьмітрыя Мядзьведзева. Пошук кандыдатаў на пасаду кіраўніка агенцтва ўжо ідзе. Прапановы ўзначаліць новае ведамства, як піша выданьне, паступілі, у прыватнасьці, былому старшыні РФ пры аддзяленьні ААН у Жэнэве Валерыю Лашчыніну, а таксама кіраўніку думскага камітэту па міжнародных справах Канстанціну Касачову.

«Коммерсант» адзначае, што дзейнасьць новай расейскай структуры будзе нагадваць працу амэрыканскага фэдэральнага агенцтва па міжнародным разьвіцьці (USAID), якая рэалізуе гуманітарныя і сацыяльна-эканамічныя праграмы прыблізна ў сотні краінаў сьвету, улучаючы і краіны СНД. Прадстаўнікі расейскага кіраўніцтва не хаваюць, што Масква мае намер скарыстацца з амэрыканскага досьведу прасоўваньня сваіх інтарэсаў.

Фэдэральнае агенцтва па справах СНД, паводле зьвестак МЗСу, атрымае фінансавую незалежнасьць ад зьнешнепалітычнага ведамства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?