У 1974 годзе расейскі пісьменьнік Аляксандар Салжаніцын падпісаў зварот да суайчыньнікаў пад назвай «Жыць без ілжы». Роўна праз трыццаць гадоў пасьля гэтага Сяргей Дубавец пераклаў яго на беларускую мову. Сёньня мы перадрукоўваем той зварот — унівэрсальны і непаўторна расейскі — як вянок вялікаму пісьменьніку.

Калісьці мы ня сьмелі і шэптам шаргацець. Цяпер вось пішам і чытаем самвыдат, а ўжо адзін аднаму ў курылках НДІ ад душы наскардзімся: чаго толькі яны ні напракудзяць, куды толькі ні цягнуць нас! Тут і непатрэбнае касьмічнае выхваляньне пры развале і беднасьці жыцьця; і ўмацаваньне далёкіх дзікіх рэжымаў; і распальваньне грамадзянскіх войнаў; і безаглядна выгадавалі Мао Цзэдуна (на нашы сродкі) — і нас жа на яго пагоняць, і прыйдзецца ісьці, куды дзенесься? І судзяць каго хочуць, і здаровых заганяюць у вар’яты — усё «яны», а мы — бясьсільныя.

Ужо да донца даходзіць, ужо ўсеагульная духовая пагібель насунулася на ўсіх нас, і фізычная вось-вось запалае і спаліць і нас, і нашых дзяцей, — а мы па-ранейшаму ўсё ўсьміхаемся баязьліва і лапочам коснаязыка: «А чым жа мы перашкодзім? У нас няма сілаў». Мы так безнадзейна расчалавечыліся, што за сёньняшнюю нішчымную кармушку аддамо ўсе прынцыпы, душу сваю, усе намаганьні нашых продкаў, усе магчымасьці для нашчадкаў — толькі б не разладзіць свайго лядачага існаваньня. Не засталося ў нас ані цьвёрдасьці, ані годнасьці, ні сардэчнага гарэньня. Мы нават усеагульнай атамнай сьмерці не баімся, трэцяй сусьветнай вайны не баімся (можа, у расколінку схаваемся), — мы толькі баімся крокаў грамадзянскае мужнасьці! Нам толькі б не адбіцца ад статку, не зрабіць кроку паасобку — і раптам аказацца бязь белых булак, бяз газавай калёнкі, без маскоўскай прапіскі.

Ужо як дзяўблі нам на палітгуртках, так у нас і ўдзяўблося, выгодна жыць, абы на ўвесь век добра: асяродзьдзе, сацыяльныя ўмовы, зь іх ня выскачыш, быцьцё вызначае сьвядомасьць, мы тут пры чым? мы нічога ня можам.

А мы можам — усё! — але самі сабе хлусім, каб сябе заспакоіць. Ніякія не «яны» ўва ўсім вінаватыя — мы самі, толькі мы!

Запярэчаць: але ж сапраўды нічога не прыдумаеш! Нам заляпілі рот, нас ня слухаюць, у нас не пытаюцца. Як жа прымусіць іх паслухаць нас?

Пераканаць іх — немагчыма.

Натуральна было б іх пераабраць! — але перавыбараў не бывае ў нашай краіне.

На Захадзе людзі знаюць страйкі, дэманстрацыі пратэсту, — але мы занадта забітыя, нам гэта страшна: як гэта раптам — адмовіцца ад працы, як гэта раптам — выйсьці на вуліцу?

А ўсе іншыя фатальныя шляхі, што за апошняе стагодзьдзе апрабаваныя ў горкай расейскай гісторыі, — тым больш не для нас, і насамрэч — ня трэба! Цяпер, калі ўсе сякеры свайго дасякліся, калі ўсё пасеянае ўзышло, — нам бачна, як заблукаліся, як учадзелі тыя маладыя, самаўпэўненыя, хто думалі тэрорам, крывавым паўстаньнем і грамадзянскай вайной зрабіць краіну справядлівай шчасьлівай. Не ўжо, дзякуй, бацькі асьветы!

Цяпер ужо ведаем мы, што гнюснасьць мэтадаў месьціцца ў гнюснасьці вынікаў. Нашы рукі — хай будуць чыстымі!

Дык кола — замкнулася? І выйсьця — насамрэч няма? І застаецца нам толькі бязьдзейна чакаць: раптам здарыцца нешта само?

Але ніколі яно ад нас не адліпне само, калі ўсе мы ўвесь час будзем яго прызнаваць, услаўляць і мацаваць, калі не адштурхнёмся хоць бы ад самай яго адчувальнай кропкі.

Ад — ілжы.

Калі гвалт урываецца ў мірнае людзкое жыцьцё — ягоны твар палае ад самаўпэўненасьці, ён так і на штандары піша, і крычыць: “Я — Гвалт! Разыдзіся, расступіся — стапчу!” Але гвалт хутка старэе, крыху гадоў — і ён ужо няўпэўнены ў сабе, і, каб трымацца, каб выглядаць прыстойна, — ён выклікае сабе ў хаўрусьнікі Хлусьню. Бо: гвалту няма чым прыкрыцца, акрамя хлусьні, а хлусьня можа трымацца толькі гвалтам. І ня кожны дзень, не на кожнае плячо кладзе гвалт сваю цяжкую лапу: ён патрабуе ад нас толькі пакоры да хлусьні, штодзённага ўдзелу ў хлусьні — і ў гэтым ўсё вернападданства.

І вось тут якраз ляжыць занядбаны намі, самы просты, самы даступны ключ да нашага вызваленьня: асабісты няўдзел у хлусьні! Няхай хлусьня ўсё пакрыла, няхай хлусьня валодае ўсім, але ў самым малым заўпарцімся: няхай валодае не празь мяне!

І гэта — прасьвет ва ўяўнай аблозе нашае бязьдзейнасьці! — самы лёгкі для нас і самы разбуральны для хлусьні. Бо калі чалавек адхіснуўся ад хлусьні — яна папросту перастае існаваць. Як зараза, яна можа існаваць толькі на людзях.

Не заклікаемся, не сасьпелі м ісьці на плошчы і прагалошваць праўду, выказваць уголас, што думаем, — ня трэба, гэта страшна. Але хоць адмовімся казаць тое, чаго ня думаем!

Вось гэта і ёсьць наш шлях, самы лёгкі і даступны пры той арганічна баязьлівасьці, што прарасла ў нас, нашмат лягчэйшы за (страшна прамовіць) грамадзянскае непадпарадкаваньне паводле Гандзі.

Наш шлях: ні ў чым не падтрымліваць хлусьні сьвядома! Усьвядоміўшы, дзе мяжа хлусьні (кожнаму яна яшчэ па-рознаму відна), — адступіцца ад гэтай гангрэннай мяжы! Не падклейваць мёртвых костачак і лушчынак ідэалёгіі, не сшываць гнілога рызьзя — і мы ўражаныя будзем, як хутка ды бездапаможна хлусьня ападзе, і чаму належыць быць голым —тое зьявіцца сьвету голым.

Такім чынам, цераз баязьлівасьць нашу хай кожны выбера: ці застаецца ён сьвядомым служкам хлусьні (о, натуральна, не дзеля схільнасьці, але для пракармленьня сям’і, для выхаваньня дзяцей у духу хлусьні!), ці прыйшла яму пара страпянуцца, стаць сумленным чалавекам, вартым павагі і дзяцей сваіх і сучасьнікаў. І з гэтага дня ён:

— больш не напіша, не падпіша, не надрукуе ніякім чынам ніводнай фразы, што скажае, на ягоную думку, праўду;

— такой фразы ні ў прыватнай гутарцы, ні прылюдна ня выкажа ні ад сябе, ні са шпаргалкі, ні ў ролі агітатара, настаўніка, выхавальніка, ні паводле тэатральнае ролі;

— жывапісна, скульптурна, фатаграфічна, тэхнічна, музычна ня выявіць, не суправодзіць, не пратрансьлюе ніводнай хлусьлівай думкі, ніводнага скажэньня праўды, якое ён бачыць;

— не спашлецца ні вусна, ні пісьмова на “кіраўнічую” цытату, каб дагадзіць, падстрахавацца, для посьпеху свае працы, калі цытаванае думкі не падзяляе цалкам ці яна недарэчы;

— ня дасьць прымусіць сябе ісьці на дэманстрацыю ці мітынг, калі гэта супраць ягонага жаданьня і волі; ня возьме ў рукі, не падымае транспаранта, лёзунгу, якога не падзяляе цалкам;

— не падыме рукі за прапанову, якой не падзяляе шчыра; не прагаласуе ні адкрыта, ні таемна за асобу, якую лічыць нявартай або сумнеўнай;

— ня дасьць загнаць сябе на сход, дзе чакаецца прымусовае, скажонае абмеркаваньне пытаньня;

— зараз жа пакіне паседжаньне, сход, лекцыю, спэктакль, кінасэанс, як толькі пачуе ад прамоўцы хлусьню, ідэалягічную лухту ці бессаромную прапаганду;

— не падпішацца і не набудзе такой газэты ці часопісу, дзе інфармацыя скажаецца, падставовыя факты хаваюцца.

Мы пералічылі, вядома, ня ўсе магчымыя і неабходныя ўхіленьні ад хлусьні. Але той, хто пачне ачышчацца — адчышчаным поглядам убачыць і іншыя выпадкі.

Так, па першым часе атрымаецца няроўна. Камусьці давядзецца страціць працу. Маладым, што жадаюць жыць паводле праўды, гэта вельмі ўскладніць іх маладое жыцьцё напачатку; бо ж і адказы на ўроках напханыя хлусьнёю, трэба выбіраць. Але ж ні для кога, хто хоча быць сумленным, тут не засталося шчылінкі: нідзе нікому з нас нават у самых бясьпечных тэхнічных навуках не абмінуць хоць аднаго з названых крокаў — у бок праўды ці ў бок хлусьні; у бок духовай незалежнасьці або духовага лёкайства. І той, каму ня стане сьмеласьці нават на абарону сваёй душы, — няхай не ганарыцца сваімі перадавымі поглядамі, не выстаўляецца, што ён акадэмік ці народны артыст, заслужаны дзяяч ці генэрал, — так няхай і скажа сабе: я —быдла і баязьлівец, мне абы сытна і цёпла.

Нават гэты шлях — самы памяркоўны з усіх шляхоў супраціву — для нас, што засядзеліся, будзе нялёгкі. Але настолькі ж лягчэйшы за самаспаленьне ці нават галадоўку: полымя не ахопіць твайго тулава, вочы ня лопнуць ад жару, і чорны хлеб з чыстай вадой заўсёды знойдзецца для твае сям’і.

Здраджаны намі, падмануты намі вялікі народ Эўропы — чэхаславацкі — няўжо не паказаў нам, як нават супраць танкаў выстойваюць няўзброеныя грудзі, калі ў іх годнае сэрца?

Гэта будзе нялёгкі шлях, — але самы лёгкі з магчымых. Нялёгкі выбар для цябе, — але адзіны для душы. Нялёгкі шлях, — аднак ёсьць жа ў нас людзі, нават дзясяткі іх, хто гадамі трымаецца ўсіх гэтых пунктаў, жыве паводле праўды.

Такім чынам: ня першымі ступіць на гэты шлях, а — далучыцца! Тым лягчэйшым і тым карацейшым акажацца ўсім нам гэты шлях, чым больш дружна і густа мы на яго ступім! Будуць нас тысячы — і ня справяцца ні з кім нічога зрабіць. Стануць нас дзясяткі тысяч — і мы не пазнаем нашай краіны!

Калі ж мы збаімся, дык досыць жаліцца, што хтосьці нам не дае дыхаць, — гэта мы самы сабе не даём! Прыгнёмся яшчэ, пачакаем, а нашы браты-біёлягі дапамогуць наблізіць чытаньне нашых думак і пераробку нашых генаў.

Калі і ў гэтым мы збаімся, дык мы — нікчэмныя, безнадзейныя, і гэта да нас пушкінская пагарда:

Навошта статкам дар свабоды?

….

Іх спадчына ад роду ў роды

Таўро, кайданы і бізун.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?