Андрэй Дундукоў — выратавальнік рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння, фігурант «справы баевікоў».

Яго затрымалі ноччу 22 сакавіка, калі ён разам з жонкай і дзіцем ехаў на адпачынак — Андрэя затрымалі, а сям'я мусіла вярнуцца назад у Мінск.

У чым канкрэтна падазраюць Дундукова, пакуль не вядома, бо абвінавачанні арыштаваным па «справе баевікоў» яшчэ не выстаўленыя.

Тым часам хлопцы знаходзяцца ў СІЗА КДБ — у народзе «амерыканка» — і пішуць лісты да сям'і.

У рэдакцыю «Нашай Нівы» патрапіў такі ліст, які Андрэй адрасаваў сваёй жонцы і сыну.

Там шмат прыватных момантаў — Андрэй просіць вярнуць камеру саслужыўцу, забраць машыну са стаянкі, зняць грошы з карткі і гэтак далей. Таму мы не будзем цытаваць ліст цалкам, а прывядзем асобныя фрагменты. 

Ліст, дарэчы, цалкам напісаны па-беларуску на васьмі аркушах. 

«Прывітанне, мая любая маленькая дзяўчынка! Я моцна-моцна кахаю цябе!!! Так шмат думак круціцца ў галаве, што нават не ведаю, з чаго пачаць. Я не ведаю, чый стан цяпер цяжэйшы — твой ці мой… Бо з маім ўсё зразумела, першасныя рэчы мне дае ДЗЯРЖАВА:) Ёсць дзе жыць, даюць ежу (ежа, дарэчы, добрая, значна лепшая, чым даюць у войску, але да кавярні трохі не дацягвае), а вось з вамі, для мяне, пакуль не зразумела. Табе трэба зарабляць грошы, плаціць за кватэру… і рабіць яшчэ шмат розных спраў… Трымайся, маё сонейка…».

«..Па вялікім рахунку, я тут як на навучанні ў МНС — чытаю, гуляю (праўда 1 гадзіну на суткі), ем і сплю!) Таму можаш лічыць, што я на навучанні, а не за кратамі. Нават лепей, бо тут сукамернікі ўсе з вышэйшай адукацыяй — інтэлігенты».

«…Ты проста не ўяўляеш, як я сумую па вас… Тут ноччу гарыць святло, і праз гэта амаль усю ноч сняцца сны… Дужа часта прачынаюся ў бусіку або побач з табою ў ложку і думаю, што АМЕРЫКАНКА — гэта быў проста сон. Але, на вялікі жаль, пакуль усё наадварот».

«… Як там Мірычак??? Для мяне зараз самая балючая думка, што я мала гуляў з ім. І з галавы не выходзяць яго словы «ТАТА, ПАГУЛЯЙ СА МНОЙ…»… Памятаеш, казаў, што зайздрошчу хлопцу, які звольніўся з МНС. Дакладней, трошкі нават зайздросціў. Зараз мяне чакае такі самы лёс ))) Ведаючы нашых камандзіраў, думаю, што звольнілі, як толькі даведаліся пра затрыманне. Дарэчы, ты ж хацела, каб я на камерцыйнай аснове ў горы хадзіў. ЗАРАЗ БУДЗЕ ТАКАЯ МАГЧЫМАСЦЬ…».

«…Не ведаю, ці паведамляюць родным пра ход следства. Мяне змясцілі пад варту і будуць трымаць у СІЗА КДБ. Тэрміны ўтрымання не напісаныя ў пастанове. Сукамернікі кажуць, што тэрмін 2 месяцы, але можа падаўжацца шмат разоў. Ёсць такія, што ўтрымліваюцца па 22 месяцы».

«…Я ўжо шостыя суткі тут, і да гэтага мне сніліся і ўзгадваліся толькі нейкія рамантычныя выпадкі жыцця з табой. …Тут усе лісты чытаюць, таму хай нашае асабістае застаецца толькі нашым. Не трэба рабіць, каб супрацоўнікі чырванелі…».

«…Сёння хадзілі ў душ. Каб не падчапіць грыбок, замест сланцаў на ногі нацягнуў два пакункі з цыгарэт. Што толькі не прыдумаем. Схадзіў таксама сфатаграфавацца для асабістай справы ў СІЗА. Вось думаю, трэ’ папрасіць на пошту скінуць фотак».

«… І пачынай трэніравацца, бо як выйду, па-любому паедзем у горы!!! А для гэтага трэба мець моцныя ногі. Пройдземся па трох вадаспадах, а мо і на якую горку няцяжкую залезем…». 

«…Трымайся, сонейка, трымайся. Я разумею, што табе зараз цяжка. Не саромся прасіць дапамогі ў сяброў. Бо сама ўсё не зробіш. Думаю, людзі павінны зразумець маё становішча. Прабач мне… Прабач, што не магу быць побач… Што не магу ні чым дапамагчы, а яшчэ сам стаў цяжарам. Я ведаю, што ты моцная і павінна справіцца. Добра, што Мірычак ужо не маленькі і шмат чаго разумее. Я моцна-моцна вас люблю!»

«Абдымі і пабусяй Мірычка ад мяне! Паглядзі на ютубе ролік, як рабіць самалёты з паперы, і зрабі з майго ліста Мірычку самалёцік. Скажы яму, што я перадаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?