Дэманстранты ў Асунсьоне, сталіцы Парагвая, узялі штурмам і падпалілі будынак парламента краіны, пратэстуючы супраць прыняцця закона, які дазваляе прэзідэнту пераабрацца на другі тэрмін, паведамляе ВВС.
Reuters
Канстытуцыя, прынятая ў 1992 годзе, абмяжоўвае адным пяцігадовым тэрмінам знаходжанне на пасадзе прэзідэнта.
Прэзідэнт краіны Арасіё Картэс, тэрмін паўнамоцтваў якога заканчваецца ў 2018-м годзе, хоча зняць гэтае абмежаванне. Калі верхняя палата парламента сабралася на таемнае пасяджэнне, каб адмяніць палажэнне канстытуцыі, пачаліся хваляванні.
Пратэстоўцы пабудавалі вакол будынка кангрэса барыкады, а потым пайшлі на штурм: яны ўварваліся ў будынак і пачалі абшукваць офісы прыхільнікаў Картэса, пасля чаго, як паведамляецца, падпалілі некаторыя з іх.
У выніку беспарадкаў і сутыкненняў з паліцыяй пацярпелі некалькі чалавек.
Папраўкі ў канстытуцыю краіны, якія ўхвалілі сенатары, павінны прайсці ўзгадненне ў ніжняй палаце парламента. Спікер палаты заявіў, што запланаванае на суботу пасяджэнне па гэтым пытанні не адбудзецца і ніякага рашэння пакуль чакаць не варта, а таксама заклікаў грамадзян краіны захоўваць спакой.
На працягу 35 гадоў — з 1954-га па 1989-ы гады — Парагвай знаходзіўся пад уладай генерала Альфрэда Стрэснера. З моманту стварэння новай сістэмы ўлады ў адпаведнасці з канстытуцыяй 1992 года Парагвай перажыў некалькі перыядаў палітычнай нестабільнасці, уключаючы няўдалую спробу дзяржаўнага перавароту.