Да парога лічу кіламетры, гадзіны і крокі,
Мне б дайсці, датрываць, перайсці цераз гэты парог —
Дом бацькоўскі адшэпча хваробу, бяду і сурокі,
Ён замовы і шэпты ў кутах на паддашшы збярог.

Ён прылашчыць мяне, бы ў дзяцінстве матуліны рукі,
Ён падушку паправіць і коўдру вакол падаткне,
Я шчаслівай засну пад ягоныя шэпты і гукі,
Хай калыша і шэпча, мацуе і лечыць мяне.

Можа ведае хто ці гасцінец, ці шлях, ці сцяжыну,
За якімі марамі, якой неабсяжнай тайгой?
Дзе стаіць гэты Дом, што пашэпча над хворай Айчынай?
І ці дойдзе яна?
І ці дойдзе яна да яго?

4.04.17

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0