Блогахостынг LiveJournal 4 красавіка ўвёў новае пагадненне карыстальніка. Каб працягнуць карыстацца сэрвісам, блогеры павінны яго прыняць, піша Медуза.

У пагадненні з'явілася забарона на размяшчэнне палітычнай агітацыі ў блогах. У пункце 9.2.7 гаворыцца, што нельга «размяшчаць рэкламу і/ці палітычную агітацыю, калі іншае спецыяльна не ўстаноўлена асобным пагадненнем паміж карыстальнікам і адміністрацыяй».

Пры гэтым, відаць, забарона не распаўсюджваецца на непалітычную рэкламу: у пункце 12.4 згадваецца «размяшчэнне карыстальнікам <…> кантэнту рэкламнага характару» без указання таго, што гэта парушае правілы.

Па новым пагадненні карыстальнікі не могуць рэгістравацца ад імя іншай асобы і «ўводзіць карыстальнікаў у зман адносна сваей асобы, або сваіх адносін з іншымі асобамі». Адказнасць за каментары нясуць і аўтар каментара, і аўтар дзённіка, у якім ён быў размешчаны.

Таксама дакумент забараняе рэгістравацца асобам малодшым за 14 гадоў і папярэджвае, што блогі з аўдыторыяй больш за тры тысячы карыстальнікаў у суткі падпадаюць пад патрабаванні «закона аб блогерах». Калі дзённік быў неактыўны паўгода, яго могуць выдаліць, гаворыцца ў пагадненні.

Адміністрацыя ЖЖ анансавала змены так: «У палітыцы «Жывога Журнала» ў частцы вядзення блогаў, а таксама прыватнасці і захаванасці даных карыстальнікаў прынцыповых змяненняў не адбылося». Ніякіх падрабязнасцяў аб забароне на палітычную рэкламу і іншых палажэннях пагаднення ў анонсе не прыводзіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?