EPA

EPA

На досвітку 4 красавіка ў сірыйскай правінцыі Ідліб адбыўся авіяналёт, пасля якога дзясяткі мясцовых жыхароў загінулі з сімптомамі хімічнага атручвання. Праваабаронцы і сусветная супольнасць абвінавацілі сірыйскі рэжым ва ўжыванні атрутнага газу падчас бамбардзіроўкі. Расія выступіла ў абарону Дамаска, патлумачыўшы тое, што здарылася, трапленнем снарадаў у склад хімзброі баевікоў.

Напад на горад Хан-Шэйхун адбыўся раніцай 4 красавіка, калі мясцовыя жыхары яшчэ спалі. Дактары, якія прыбылі для пошуку параненых ад выбухаў, убачылі на вуліцах людзей, што задыхаліся. У пацярпелых былі звужаныя зрэнкі, ішла пена з рота, іх ванітавала. Паводле апошніх звестак праваабаронцаў, загінулі 72 чалавекі, у тым ліку 20 дзяцей.

Мяркуецца, што супраць горада ўжылі зарын або хлор. Пра гэта заявіў прадстаўнік мясцовых дактароў. Відавочцы распавялі, што бомбы з газам маглі скінуць сірыйскія знішчальнікі-бамбавікі Су-22. Мінабароны Сірыі ўжо адпрэчыла любую датычнасць да гэтага або любога іншага нападу з ужываннем хімічнай зброі.

Расія прапанавала сваю трактоўку падзей, абвінаваціўшы тэрарыстаў у захоўванні хімзброі ў Хан-Шэйхуне. Па версіі Мінабароны РФ, сірыйскія войскі нанеслі ўдар па складзе баевікоў, дзе знаходзіліся атрутныя рэчывы. Аднак у заяве Масквы ёсць адразу дзве нестыкоўкі. Па-першае, прадстаўнік ведамства Ігар Канашэнкаў паказвае час атакі — 11:30 раніцы; відавочцы ж кажуць, што ўдары нанеслі на досвітку, у 06:30. Па-другое, як адзначае былы афіцэр брытанскага аддзела хімабароны Хэміш дэ Брэтан-Гордан, бамбаванне знішчыла б зарын, калі б ён сапраўды захоўваўся на складах.

Міжнародная супольнасць ўсклалі віну за атаку на афіцыйны Дамаск. З такімі заявамі выступілі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, старшыня Рады ЕС Дональд Туск і генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг. Прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд назваў гэта «ваенным злачынствам», а Папа Францішак — «непрымальнай бойняй». Атаку ўжо параўноўваюць з ужываннем хімзброі ў прыгарадзе Дамаска 2013 годзе, калі загінулі больш за 1400 грамадзянскіх, у тым ліку сотні дзяцей.

Рада Бяспекі ААН 5 красавіка разгледзіць рэзалюцыю па нападзе ў Ідлібе. Тэкст склалі ЗША, Вялікабрытанія і Францыя; дакумент асуджае напад і заклікае рэжым прэзідэнта Сірыі Башара Асада прадставіць усе дадзеныя пра палёты. У Маскве ўжо неафіцыйна заявілі, што выступяць супраць такой рэзалюцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?