На маскоўскім тэлеканале ТВЦ выйшла чарговая праграма «Права голасу», прысвечаная беларуска-расійскім адносінам.

Самым займальным момантам перадачы быў выступ Ігара Марзалюка. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў даў адлуп адыёзнаму намесніку дырэктара Цэнтра ўкраіністыкі і беларусістыкі МГУ Багдану Бязпальку — украінец па паходжанні, той катэгарычна адмаўляе ў праве на існаванне і ўкраінскай, і беларускай дзяржаве.

Марзалюк назваў Бязпальку і яго таварышаў «чорнай сотняй».

Ігар Марзалюк.

Ігар Марзалюк.

«Спадар Бязпалька, я вам як — не ведаю, маларосу, украінцу ці камусьці там яшчэ, адкажу так. Багдан Анатольевіч перад эфірам гартаў дзіўную кніжку для асвяжэння сваёй памяці, якая называецца «Беларускі нацыяналізм супраць рускага свету», дзе нацыяналістам №1 называецца прэзідэнт маёй краіны і я таксама фігурую. І там дзіўная задача Саюзнай дзяржавы стаіць. Па любімай кніжцы Багдана Анатольевіча, гэта поўнае знішчэнне беларускай дзяржаўнасці. Там проста напісаныя абзацы, можна прачытаць. І гэтыя вашыя дзіўныя «блогеры», і Баранчык, якія даказваюць, што беларускага народа няма, што беларуская дзяржава — недадзяржава, што беларускую мову прыдумалі ў 1926 годзе… — усе гэтыя людзі абражаюць нашу нацыянальную годнасць. Мы ведаем і агульнаславянскую ідэнтычнасць, але адно другое не адмаўляе. Беларуская нацыя — гэта рэальны сацыякультурны факт. І калі вы прыязджаеце ў Беларусь, прыходзіце ў аўдыторыю БДУ і эпатуеце людзей, заяўляючы, што «вас няма», якую вы рэакцыю атрымаеце?» — заявіў Ігар Марзалюк.

«Што датычыць Пушкіна. Помнік Пушкіну стаіць. Дошка з цудоўнымі вершамі, у разы лепшымі за тыя, каторыя, ні з кім не ўзгадніўшы, вы хацелі самапальным чынам прыклеіць, знаходзіцца», — працягнуў ён. 

Бязпалька ўдакладніў, што гаворка ідзе пра верш «Клеветнікам Рассіі». «Ну, там пра рускі штык, пра труны. Па-першае, гэта была звычайная правакацыя. Магілёўскі аблвыканкам зрабіў усё абсалютна правільна. Але што датычыцца вялікіх паэтаў… Вы ўявіце, што мы паставім бюст Лермантаву ў нейкім расійскім горадзе і падпішам: «Прощай, немытая Россия». Вам як, вам будзе добра?»

Апроч Марзалюка, з боку Беларусі ў праграме удзельнічалі Алег Гайдукевіч, Вадзім Гігін і Аляксей Дзерман.

Гайдукевіч адразу паспрабаваў залагодзіць расійскую аўдыторыю — паабяцаў павесіць верш «Клеветнікам Расіі» ў сваім офісе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?