Абалонскі суд Кіева вынес прысуд 12 байцам добраахвотніцкай спецроты міліцыі «Тарнада». Сярод асуджаных і беларус Даніла Ляшук (Маджахед). Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміў галоўны ваенны пракурор Украіны Анатоль Маціос.

Камандзір «Тарнада» Руслан Анішчанка атрымаў 11 гадоў пазбаўлення волі, яго намеснік Мікалай Цукур — дзевяць гадоў, баец Даніла Ляшук, вядомы таксама як Маджахед, асуджаны на 10 гадоў.

Яшчэ адзін баец атрымаў дзевяць гадоў і шэсць месяцаў, тры байцы атрымалі па дзевяць гадоў, адзін — восем гадоў, астатнія чацвёра атрымалі пяцігадовыя ўмоўныя тэрміны.

«Мы паважаем рашэнне Абалонскі райсуду, але намі пасля аналізу прысуду і вывучэння дадзенага прысуду будзе пададзеная апеляцыйная скарга ў Апеляцыйны суд горада Кіева. Мы лічым, што вельмі мяккае пакаранне па гэтым абвінавачванні», - заявіў у эфіры «112 Украіна» пракурор Галоўнай вайсковай пракуратуры Руслан Краўчанка.

Судовы працэс доўжыўся некалькі месяцаў і праходзіў у закрытым рэжыме. Былых байцоў «Тарнада», якія апынуліся на лаве падсудных, абвінавацілі ў выкраданні і катаванні мясцовых жыхароў у прыгарадзе Лісічанска ў Луганскай вобласці, у марадзёрстве і групавым згвалтаванні мужчыны.

Пракуроры і суддзі, якія вядуць працэс, падвяргаліся каласальнаму ціску з боку грамадскасці. Каля будынка суда прыхільнікі камбата, не згодныя з яго арыштам, ладзяць сутычкі з салдатамі Нацыянальнай гвардыі. Іх падтрымлівалі некаторыя дэпутаты Вярхоўнай рады.

Ляшука ўкраінскія праваахоўныя органы шукалі больш за два месяцы. Яго затрымалі ў гасцінічным комплексе пад Кіевам. Ляшука абвінавацілі ў здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у складзе злачыннай арганізацыі з ліку работнікаў міліцыі роты патрульна-паставой службы «Тарнада».

«Менавіта Маджахед-Ляшук з надзвычайным цынізмам і дзёрзкасцю, жорсткасцю і бязлітаснасцю здзяйсняў найбольш жорсткія катаванні мясцовага насельніцтва Луганскай вобласці, арганізоўваў і браў непасрэдны ўдзел у згвалтаванні затрыманых, якіх ён разам з іншымі падазраванымі выкрадаў з карыслівых меркаванняў», — распавёў на сваёй старонцы ў Facebook галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Маціос.

Добраахвотніцкі батальён «Тарнада» быў створаны ў кастрычніку 2014 года ў складзе МУС Украіны. 18 чэрвеня мінулага года міністр унутраных спраў Арсен Авакаў падпісаў загад аб яго расфарміраванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?