У Оршы маршрутка збіла школьніка, які раптоўна выбег на дарогу, паведаміў карэспандэнту БелТА начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Казючыц.

ДТЗ адбылося сёння ў 10.05 у раёне дома №34 па вул.Тэкстыльшчыкаў. «Газель» з кіроўцам 1969 года нараджэння і чатырма пасажырамі рухалася па маршруце №5, калі раптам па-за пешаходным пераходам з тратуара выскачыў хлопчык. Кіроўца паспрабаваў сысці ад сутыкнення, выехаў на сустрэчную паласу, але ўсё роўна зачапіў дзіця. Той яшчэ змог дабегчы да тратуара, дзе спыніўся з-за траўмы», - растлумачыў Аляксандр Казючыц. Аказалася, што 8-гадовы хлопчык, другакласнік адной са школ горада, спяшаўся забраць ровар у бабулі і вырашыў зрэзаць шлях.

У выніку сутыкнення зарабіў пералом правай галёнкі і быў шпіталізаваны. Ніхто з пасажыраў маршруткі не пацярпеў. Кіроўца не мае парушэнняў ад 2015 года. Па факце ДТЗ праводзіцца праверка, высвятляюцца ўсе акалічнасці. ДАІ нагадвае дарослым аб неабходнасці больш уважліва сачыць за дзецьмі, асабліва паблізу небяспечных аб'ектаў, у тым ліку каля праезнай часткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0