Вялікая мінская канцэртная зала поўная гледачоў. Па шэрагах праносіцца ўсхваляваны шэпт. Няўжо сапраўды? Так, праз пару хвілін на гэтай велічэзнай убранай сцэне распачнецца канцэрт Змітра Вайцюшкевіча.

Гасне святло — і шэпт сціхае. Сцэна асвятляецца яскравымі прамянямі, сярод якіх узнікаюць сілуэты музыкаў WZ-Orchestra і самога Змітра Вайцюшкевіча. Зала выбухае апладысментамі.

Фота: Арцём Лява.

Фота: Арцём Лява.

Падаецца, гэтага канцэрта з нецярпеннем чакалі не толькі гледачы, але і сам музыка. Шмат хто не верыў, што падзея сапраўды адбудзецца.

«Я вельмі рады, што вы паверылі — арганізатарам, нам, аркестру. Прыйшлі сюды і сваю дарагую суботу праводзіце разам з намі», — прамаўляе музыка з удзячнасцю. Сённяшні канцэрт мае назву «Бывайце здаровы, жывіце багата»: сёлета знакамітай песні на словы Адама Русака і музыку Ісака Любана спаўняецца 80 гадоў. Песню «Бывайце здаровы» слухач пачуе двойчы: напрыканцы кожнай з дзвюх частак канцэрта.

Першая частка ахутвае залю атмасферай цеплыні і ўтульнасці. У ёй гучаць песні даволі рэдкія («Не таму што мы іх не спяваем, а таму што іншыя не спяваюць», — заўважае музыка). Усе яны напісаныя на словы Адама Русака.

Мяккія гукі баяна запаўняюць залу, распачынаючы канцэрт. Першай гучыць «Ой, бярозы ды сосны», вядомая многім як неафіцыйны партызанскі гімн, хаця была напісаная ужо пасля Другой сусветнай. Перахопліваюць эстафету лірычныя «Я люблю бярозку», «Толькі з табою», «Дзе ты, зорка мая»…

Трэба сказаць, памяшканне вельмі пасуе выканаўцу. Бачна, што ён адчувае сябе тут у сваёй талерцы. Вялізная сцэна, цяжкі занавес, поўная зала, якая з захапленнем апладуе артысту — усё гэта стварае належную атмасферу і пагружае ў сваю, новую, рэальнасць.

Першая частка збіраецца падыходзіць да завяршэння, і Вайцюшкевіч кліча на сцэну дачку Адама Русака Людмілу. Спадарыня Людміла дзеліцца з публікай прыемнымі навінамі: зусім хутка песні на словы яе бацькі можна будзе пачуць не толькі на беларускай, рускай, італьянскай, але і на кітайскай мове! Такую навіну сям’і Русакоў паведаміла генеральнае консульства Беларусі ў Шанхаі.

У перапынку музыку не даюць адпачыць: да яго выстройваецца цэлая чарга па аўтографы. Адданыя прыхільнікі (часцей усё ж прыхільніцы) нясуць кветкі — іх яшчэ шмат уручаць Змітру і музыкам падчас канцэрту. Па просьбе выканаўцы слухачы пакідаюць на цыдулках свае пажаданні наконт таго, што б яны хацелі пачуць у другой частцы.

Кіруючыся прапановамі прыхільнікаў, музыка вырашае перабудаваць другую частку свайго выступу і распачынае яе любімай многімі песняй на словы Генадзя Бураўкіна «Месяц — жоўтая лодка». Зала з задавальненнем падпявае артысту.

Калі першая частка канцэрта была хатняй і цёплай, другая атрымалася больш вясёлай і разняволенай. Падчас выканання знакамітай Bella Ciao зала, здавалася, вось-вось ускочыць са сваіх месцаў і пусціцца ў пляс. Але, безумоўна, не абышлося і без лірыкі: кранальная «Дачакайся, матуля» была сустрэта авацыямі.

Кожны, хто хоць раз быў на канцэрце Вайцюшкевіча, заўважае неверагодную экстравертную натуру выканаўцы. Ён умее схіліць да сябе публіку, разрадзіць абстаноўку ўдалым жартам. «Беларускамоўных гумарыстаў няма, даводзіцца запаўняць прагал», — камэнтуе Зміцер і распавядае гісторыі пра сваё дзяцінства, пра з’яўленне тых ці іншых песняў, пра паездкі за мяжу і выступ у санаторыі, пасля якога адзін са слухачоў прызнаўся, што «двойчы быў на выступах Саладухі, дык вось у Вас — не горш!».

Так, з жартамі і размовамі, у нязмушанай атмасферы, канцэрт незаўважна падыходзіць да свайго завяршэння. «Бывайце здаровы» зрывае авацыі ўжо ў другі раз, пасля яе гучаць яшчэ дзве песні: «Нёман» і «Зоркі». Пасля сканчэння імпрэзы сцэна яшчэ доўга застаецца акупаваная сотнямі фанатаў усіх узростаў, якія жадаюць дакрануцца да любімага спевака.

Бывайце здаровы, жывіце багата,
А мы ўжо паедзем дадому, дахаты…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?