Радыкал Сяргей Касьцян будзе канкураваць з старшынём райвыканкаму, арфограф Уладзімер Здановіч таксама атрымаў суперніка.
Дэпутат Сяргей Касьцян будзе схіляць на свой бок жыхароў Мазыршчыны, выбарнікаў Палескай выбарчай акругі № 43.
Сяргей Касьцян: «У мяне сваёй асабістай праграмы няма. Ёсьць праграма прэзыдэнта, якую ўхвалілі на Усебеларускім сходзе, і ёсьць праграма Камуністычнай партыі Беларусі, сябрам якой я зьяўляюся. Гэтыя дзьве праграмы ідэнтычныя, яны накіраваны на падтрымку больш высокага ўзроўню жыцьця беларускага народа, і таму я падтрымліваю гэтыя абедзьве праграмы і буду іх выкарыстоўваць».
Ад сябе Касьцян усё ж абяцае пракласьці 87 кілямэтраў чыгункі ад вёскі Рушкевічы да Мазыра, 15 кілямэтраў трамвайных рэек ад Мазыра да Нароўлі, пабудаваць стадыён у мястэчку Ельск і завершыць будаўніцтва цагельні ў Мазырскім раёне. Але ці здолее ён іх ажыцьцявіць, залежыць ад супернікаў. Іх два — прадстаўнік ад апазыцыі, сябра АГП і старшыня Ельскага райвыканкама. Галоўным канкурэнтам на дэпутацкі мандат палітык лічыць кіраўніка выканкама. Кажа, у яго ў руках вялікі адміністрацыйны рэсурс, які ён не саромеецца выкарыстоўваць.
Сяргей Касьцян: «Учора прадстаўніку маёй ініцыятыўнай групы ў саўгасе‑камбінаце «Каменка», старшыня гэтага камбіната ўзяў ды парваў пасьведчаньне».
Абяцаць выбаршчыкам Днепрабугскай выбарчай акругі №10 нешта канкрэтнае пабудаваць альбо нешта даць, дэпутат Уладзімір Здановіч лічыць немэтазгодным. Кажа, пакуль даедзеш з раёна да сталіцы, можа нешта памяняцца і выканаць абяцанае не атрымаецца. Будзе няёмка перад выбаршчыкамі. Таму, каб не было няёмка, ён аддае перавагу агульным абяцаньням. Уладзімір Здановіч: «Праграма такая, якая ідзе ад сэрца: каб кладучыся спаць, мы былі ўпэўненыя, што раніцай прачнёмся ў спакойнай дзяржаве, у якой няма ні зьнешняй, ні ўнутранай вайны. Каб эканоміка працавала яшчэ лепш, яшчэ больш. Каб у нас заробак апярэджваў рост коштаў на прадукцыю. І гэтак далей». Супернікаў у дэпутата поўны набор — і праўладныя, і апазыцыйны.
Дэпутат Вольга Абрамава зьдзівіла тым, што яе пакуль абсалютна не цікавіць тое, хто будзе яе супернікам на выбарах. Вольга Абрамава: «Я ўвогуле не цікавілася ні тым, колькі зараз кандыдатаў у кандыдаты па маёй акрузе, ні тым, адкуль яны. Усё гэта пакуль мяне не цікавіць. Гэта лішняя, непатрэбная інфармацыя». Ад сябе яна абяцае сюрпрызы: Вольга Абрамава: «Я не толькі палітык, але і паліттэхноляг. Вы бачылі паліттэхноляга, які расказвае пра свае патэнцыйныя мэтады напярэдадні кампаніі? Гэта ж даваць козыры сваім канкурэнтам і апанэнтам. Навошта я буду рабіць бясплатныя падарункі?! Магу сказаць толькі тое, што ні адна мая кампанія ніколі не падобная на папярэднюю». Свае шанцы на перамогу дэпутат ацэньвае як вельмі вялікія.