16 траўня а восьмай гадзіне вечара ў Салігорску адбылася акцыя, прысьвечаная Дню салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых палітыкаў, з палітзьняволеннымі і з усімі прыхільнікамі пераменаў на Беларусі. Гата была найбольш масавая акцыя, як з боку непасрэдных яе ўдзельнікаў, так і з боку міліцыі.
Як толькі людзі сталі ў ланцуг, запалілі сьвечкі і разгарнулі партрэты зьніклых і палітвязьняў, на плошчы зьявіліся прадстаўнікі нацыянал-бальшавіцкай партыі і пачалі скандаваць свае лёзунгі, аднак былі спыненыя міліцыянтамі.
Тым часам на плошчы стала зьбірацца ўсё больш мінакоў, некаторыя зь іх далучаліся да акцыі.
- Мы будзем працягваць акцыі, накіраваныя на спыненьне палітычнага перасьледу прадстаўнікоў дэмакратычных рухаў. А такая ўвага з боку міліцыі, павелічэньне ўдзельнікаў акцый і неабыякавасьць мінакоў сьведчаць, што нашыя намаганьні не праходзяць марна і перамены ў нашай краіне ўжо адбываюцца, - паведаміў адзін з ініцыятараў акцыі.
Паводле інфармацыі solmf.narod.ru
Фота з сайту solmf.narod.ru