Алесь Яўдаха

Алесь Яўдаха

Пагутарыць аб арышце сына спадар Анатоль згадзіўся амаль адразу, але на тое, каб дамовіцца, спатрэбіўся час. Як гаворыць бацька арыштаванага па гучнай справе аб падрыхтоўцы беспарадкаў у Менску напярэдадні 25 сакавіка, людзі яны непалітычныя і сціплыя. Вір палітычных падзей і інтрыг уварваўся ў жыццё сям’і Яўдахаў знянацку.

Анатоль Яўдаха

Анатоль Яўдаха

Анатоль Яўдаха моцна хваляваўся, бо ніколі дагэтуль не даваў інтэрв’ю. Апроч таго, неўзабаве пасля арышту сына складаную аперацыю перанесла жонка і цяпер патрабуе дагляду і рэабілітацыі.

«Аказалася, што мы проста жывём і не ведаем ні законаў, ні працэдур»

«Мы даведаліся пра арышт сына толькі пасля тэлефанавання сяброў. Дзень быў самы звычайны, яшчэ зраніцы гутарылі з Алесем, памятаю, што нешта пра кнігі абмяркоўвалі… А ў выніку цэлы вечар прысвяцілі пошукам, не маглі даведацца, дзе ён. Думалі, што, мабыць, зноў пачаліся праблемы праз прафесійную дзейнасць і кнігі. Хоць якія могуць быць праблемы, калі ўсё афіцыйна, калі сын займаецца кнігамі, якія выходзяць у афіцыйных выдавецтвах?

Мы трошкі пачакалі і пачалі звяртацца ў аддзяленні міліцыі, шукаць… Не ведаю, як павінны былі тыя міліцыянты і іншыя органы рэагаваць, бо не мелі такога досведу ніколі. Аказалася, што ні законаў, ні працэдур адмысловых мы не ведаем, а проста жывём неяк. Такія сітуацыі паказваюць нашую прававую непадрыхтаванасць. Вось вы спыніце зараз сто чалавек і, мабыць, толькі адзін адкажа толкам, што рабіць у такіх сітуацыях. Тады падавалася, што міліцыянты рэагавалі карэктна, але цяпер я ўжо і не ведаю, ці так, як мусіць быць па-сапраўднаму. Мы, напэўна, так жывём звычайна, працуем і ні ў што не ўмешваемся.

Пазней да нас прыехалі з ператрусам. Нічога не распавядалі нам, не мацюкаліся, не пагражалі. Але гэта маўчанне яшчэ больш жудасным выглядала. Толькі паказалі пастанову аб арышце сына з нейкім артыкулам, я нават не ведаў, што гэта за артыкул такі, ды на ператрус. Канфіскавалі нейкія дакументы з пакоя Алеся і паехалі ад нас. Такога ніхто не мог чакаць. А я не мог зразумець, хто і за што так узлаваўся на майго сына».

«Не веру ў тое, што сын рыхтаваў беспарадкі. Ён проста любіць кнігі і беларускую мову»

«Калі мы пачулі, што наш Алесь нібыта падбухторшчык і ледзь не тэрарыст, цяжка апісаць нашую рэакцыю. Ды ў яго нават часу б не хапіла займацца такімі справамі! Ён ніколі нас пераймацца і турбавацца не прымушаў. З-за яго нават у школу ні разу не выклікалі на размовы з завучамі ці настаўнікамі. Ён заўжды такі працавіты, ціхмяны, спакойны… Больш дапаможа, чым чагосьці папросіць. Нас з маці ніколі нічым не абцяжарваў, і на яго можна было разлічваць. Калі скажа, што дзесьці будзе ці зробіць, значыцца, так і будзе.

Вы толькі паглядзіце, як да яго людзі ставяцца! Гэта стаўленне гаворыць само за сябе. Як толькі Алеся арыштавалі, на нас абрынуліся дзясяткі тэлефанаванняў ад знаёмых і зусім не знаёмых людзей. Алеся любяць і паважаюць, і гэта яго характарызуе як нармальнага чалавека. Якая яшчэ можа быць характарыстыка нармальнага чалавека? Абсалютна нармальнага. Таму я не веру, што сын рыхтаваў беспарадкі. Ён проста любіць кнігі і беларускую мову. Ён не нейкі там герой, ён проста нармальны чалавек. Я ведаю свайго сына».

«Быкаў. «Дынама». Беларусь»

Захапленне сына літаратурай сталася невялікім сюрпрызам для нас. Бо па адукацыі ён тэхнар. Здавалася, што для літаратуры патрэбна асаблівая філалагічная адукацыя. Хоць Алесь з дзяцінства любіў чытаць. Мы з сынам разам захапляемся Быкавым. Як бы банальна гэта ні гучала, але на нас ён аказаў найбольшае ўздзеянне. Быкаў быў першым аўтарам на савецкай прасторы, які апісваў вайну не маштабнай і гераічнай, а з пазіцыі таго, як жудасці вайны і смерць прыходзяць у жыццё звычайнага чалавека. Такога, як мы з вамі. Не нейкіх армій і генералаў, а чалавека.

Такое апісанне вайны знутры не заўжды ўсім падабалася. Ужо потым я даведаўся, што яго крытыкавалі і трошкі цкавалі. Напэўна, праўда часта выклікае ў нашым свеце раздражненне замест прыняцця. Але кнігі Быкава расставілі ўсё на свае месцы. Быкава мы любім і памятаем, а тых крытыкаў падзабылі.

Разам з сынам захапляліся і футболам. У маім юнацтве была толькі адна каманда ў нас — «Дынама». Цяпер ужо іх шмат, але Алесь таксама захапіўся «Дынама». Мы, канечне, за яго трошкі перажывалі, калі ён стаўся заўзятарам, але ж бацькі заўжды перажываюць за дзяцей».

«Алесь з турмы яшчэ і нас падбадзёрвае, нічога не просіць»

«Арышт Алеся адназначна стаўся да нас узрушэннем. Напэўна, і як для любой сям’і, якая можа патрапіць у такія ўмовы. Мы вельмі чакаем на вызваленне сына, як і іншыя родныя і блізкія арыштаваных па гэтай справе людзей.

Мы часта носім перадачы сыну. І ўжо паспелі пазнаёміцца з некаторымі людзьмі, у чые сем’і таксама ўварвалася гэтае няшчасце. Вось, напрыклад, з Настай Дашкевіч наўрад ці б калі пазнаёміліся ў іншых абставінах. Энергічная такая дзяўчына, шмат карысных парад нам дала.

Алесь заўжды нас з маці падтрымліваў. Дэманстратыўна і публічна ён гэтага не праяўляў, бо не надта такі публічны, наадварот, сціплы. Нават цяпер у лістах заўжды гаворыць, каб не хваляваліся за яго. Толькі просіць асадкі ды канцылярскія тавары, каб мог пісаць, бо ён шмат лістуецца і занатоўвае, відаць. Нават на любімы «Прэсбол» не прасіў падпісаць яго. Толькі падтрымлівае і падбадзёрвае нас з маці ў лістах».

Фота ілюстрацыйнае.

Фота ілюстрацыйнае.

«Спадзяёмся, што сына вызваляць, бо ён не займаўся палітыкай»

«Мы чыталі, што ў Беларусі часам чапаюць людзей, якія актыўна займаюцца нейкімі палітычнымі справамі. Але Алесь не займаўся палітыкай. У газетах ды часопісах ён не друкуецца. Я не ведаю, чаму тады ў нас могуць нармальнага чалавека так арыштаваць, але верым, што са «справай» разбяруцца і Алеся вызваляць, як і іншых».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?